Эпапэя зь «беларускім портам» цягнецца ўжо трэці год. У верасьні 2020, калі ў беларускіх гарадах адбываліся пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў, Лукашэнка прапанаваў губэрнатару Ленінградзкай вобласьці пабудаваць у порце Усьць-Лугі тэрмінал для беларускіх грузаў. Ужо тады было зразумела, што заходнія ўрады будуць уводзіць санкцыі. Так пазьней і сталася. Балтыйскія краіны закрылі свае парты для Беларусі.
Больш за два гады Лукашэнка робіць гучныя заявы пра ўласныя парты Беларусі на Балтыцы. Улетку ён нават сам праінспэктаваў нібыта будаўніцтва аднаго зь іх. Але як сьведчаць факты, ніякага будаўніцтва не пачалося дагэтуль.
Два гады на разгойдваньне
«Беларускі порт» існуе пакуль нават не на паперы, а на вуснах палітыкаў і чыноўнікаў. Пасьля згаданай просьбы Лукашэнкі да ленінградзкага губэрнатара спатрэбілася ажно восем месяцаў, каб выказаўся кіраўнік «Росморречфлота». Але і ён не агучыў ніякай канкрэтыкі. У красавіку 2021 году ён толькі заявіў, што «спадзяецца да лета» вызначыцца зь месцам разьмяшчэньня тэрміналу.
Працяг гісторыя атрымала амаль праз год. У лютым 2022 году, за некалькі дзён да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, Лукашэнка сустрэўся ў Маскве з Пуціным і заявіў, што Беларусь пабудуе пад Санкт-Пецярбургам ня проста тэрмінал, а цэлы ўласны порт. Каманду пра гэта аддаў, паводле Лукашэнкі, нібыта сам Пуцін. «Я яго папрасіў, каб дапамаглі нам расейцы: каб не было цяганіны, бюракратыі. Справа не ў грашах, грошы на гэта ёсьць», — сказаў тады Лукашэнка. Адкуль грошы — невядома. Паведамляецца аб прыватным інвэстары. Лукашэнка паабяцаў, што праз 1,5-2 гады ў Беларусі на Балтыцы будзе ня проста порт, а цэлыя парты.
Праз чатыры месяцы губэрнатар Ленінградзкай вобласьці заявіў, што беларускія спэцыялісты агледзелі зямельныя ўчасткі, дзе ў будучыні можа быць пабудаваны тэрмінал для беларускіх грузаў. Значыць, гаворка не пра порт, а тым больш не парты, як сказаў Лукашэнка.
Неўзабаве пасьля гэтага тэлеграм-канал «Пул первого» паведаміў, што Лукашэнка ўжо і асабіста азнаёміўся з ходам будаўніцтва «беларускага порту» падчас рабочага візыту ў Санкт-Пецярбург. Блізкі да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канал апублікаваў нават кароткае відэа, на якім відаць, як ён на катэры аглядае нібыта тое самае будаўніцтва. Але папраўдзе гэта ніякая не будаўнічая пляцоўка. Гэта расейскі порт Бронка, які даўно дзейнічае і празь які ідзе беларускі грузапаток.
Работы яшчэ не пачаліся
Паводле Лукашэнкі, беларускі порт паўстае ў прыгарадзе Санкт-Пецярбургу Ламаносаве, на беразе Фінскай затокі. Але праз два месяцы гэтае відэа «Пула Первого» зьняпраўдзіў сваёй заявай прэм’ер Раман Галоўчанка. Ён заявіў, што будаўніцтва, магчыма, пачнецца да канца году.
Да канца году засталося некалькі дзён, а дзяржаўныя СМІ некалькі апошніх месяцаў ані словам не згадалі пра тое, што там пачаліся або ідуць будаўнічыя работы.
Вядучае ў Расеі СМІ ў галіне марскога транспарту, інфармацыйна-аналітычнае агенцтва portnews.ru месяц таму паведаміла, што «дадзеных пра рэальны пачатак будаўніцтва нейкага асобнага тэрміналу для беларускіх грузаў няма». Адмыслоўцы выданьня астудзілі запал Лукашэнкі, які плянаваў ужо ў 2024 годзе перавалку беларускіх грузаў праз свой порт пад Піцерам: «будаўніцтва і праектаваньне тэрміналу „з нуля“ зойме гады».
Больш за тое, Расея сама адчувае дэфіцыт магутнасьцяў для перавалкі ўласных мінэральных угнаеньняў. У 2021 годзе ён дасягаў 8 млн тонаў. А «Беларуськалій» у год прадукуе да 12 млн тонаў. Пакуль грузапаток беларускай прадукцыі перанакіравалі ў амаль дзясятак партоў Расеі. Нафтапрадукты зь Беларусі ідуць празь Вялікі порт Санкт-Пецярбургу, а ўгнаеньні «раскідваюцца» па партах у самых розных марскіх басэйнах. Такая лягістыка, нягледзячы нават на асаблівыя тарыфы для Беларусі, зьніжае канкурэнтаздольнасьць беларускага экспарту, зазначае portnews. ru.
Яшчэ адзін тэрмінал для беларускіх тавараў плянуюць пабудаваць у порце Мурманску, на заходнім беразе Кольскай затокі. Але дэталяў пра гэты праект увогуле няма, апрача плянаванай магутнасьці ў 5-7 млн тонаў у год. Пра яго нібыта дамовіліся ў верасьні губэрнатар Мурманскай вобласьці і старшыня Менгарвыканкаму, падпісаўшы пагадненьне аб супрацы. Але пакуль гэта заява пра намеры. Да пачатку рэальнага будаўніцтва дарога яшчэ даўжэйшая, чым у выпадку з портам пад Піцерам. Адначасова Беларусь плянуе павялічыць перавалку грузаў праз Астраханскую вобласьць, каб пастаўляць тавары ў Ірак, Іран і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У канцы кастрычніка кіраўнік анэксаванага Крыму Аксёнаў прапанаваў Лукашэнку карыстацца партамі паўвострава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зацьвердзіў зьмены ў пагадненьні аб вывазе беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія партыМінусы расейскіх партоў
Беларускія ўгнаеньні ў расейскіх партах, перад тым як трапіць да пакупніка, перагружаюцца ў так званыя біг-бэгі. А гэта нятанная паслуга. Як заўважае галоўны рэдактар парталу portnews.ru Віталь Чарноў, у Расеі няма спэцыялізаваных балкерных тэрміналаў для ўгнаеньняў. А тыя неспэцыялізаваныя, якія ёсьць, і так загружаныя.
Лягістыка праз Мурманск моцна саступае шляху праз краіны Балтыі, паколькі груз трэба давезьці да Мурманску па чыгунцы, а яе прапускная здольнасьць моцна абмежаваная. А пасьля тавар трэба транспартаваць у абыход Паўночнай Эўропы па паўночных морах.
Транспартны калідор Поўнач — Поўдзень, напрыклад праз Астрахань, таксама не ідэальны і абмежаваны як прапускной здольнасьцю партовай інфраструктуры, так і іранскіх чыгунак. А шлях на Далёкі Ўсход, паводле Чарнова, натыкаецца на востры дэфіцыт правазной здольнасьці Ўсходняга чыгуначнага палігона.
Але пакуль што ў Беларусі ёсьць чым кампэнсаваць гэтыя выдаткі, паколькі цэны на ўгнаеньні ў сьвеце вельмі высокія, утрая большыя, чым летась. Але колькі часу так будзе працягвацца, ніхто ня можа даць гарантыі. Уласны порт ці нават беларускія тэрміналы ў Расеі маглі б вырашыць праблемы беларускага грузапатоку. Але невядома, калі яны будуць пабудаваныя. Невядома нават, калі гэтае будаўніцтва пачнецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады анэксаванага Расеяй Крыму заявілі, што заключылі кантракты на пастаўкі ў Беларусь прадукцыі на 2,6 млн даляраў