Жанчыны ў Іране ўсё часьцей адмаўляюцца насіць хіджаб. ФОТА
Гэтае фота ад 24 сьнежня, на якойім маладая пара гуляе са сьнегам на вяршыні пагорку над Тэгеранам, зьяўляецца адным зь некалькіх нядаўніх фатаздымкаў, на якіх іранскія жанчыны паказваюцца на публіцы без хіджаба, ісламскага галаўнога ўбору, які быў абавязковым для жанчын у Іране з 1983 году.
Жанчына на рынку ў Тэгеране 5 сьнежня.
Іран быў узрушаны месяцамі пратэстаў, якія ўспыхнулі ў верасьні пасьля гібелі жанчыны курдзкага паходжаньня Махсы Аміні, якую затрымала паліцыя маралі. Аміні затрымалі за вузкія штаны і «неналежнае нашэньне хіджабу».
Дзьве жанчыны, адна зь якіх зняла хустку, ідуць па Тэгеране 6 сьнежня.
У 1983 годзе ісламісцкі ўрад Ірану пастанавіў, што «жанчыны, якія зьяўляюцца ў грамадзкіх месцах без рэлігійнага хіджабу, будуць асуджаныя на 74 удары бізуном», хоць кароткія тэрміны зьняволеньня былі больш распаўсюджаным пакараньнем.
Маладая іранка робіць сэлфі перад каляднымі ялінкамі ў Тэгеране 25 сьнежня.
У апошнія гады жанчын, якія паліцыя маралі краіны лічыла парушальніцамі законаў аб пакрыцьці галавы, прымушалі наведваць лекцыі пра «ісламскія каштоўнасьці». Затым члену сям'і было дазволена забраць іх.
Жанчына ідзе па Тэгеране 4 сьнежня.
На фоне масавых беспарадкаў пасьля сьмерці Аміні Іран, відаць, скараціў патрулі маральнай паліцыі ў пачатку сьнежня. З тых часоў нязначна, але расьце колькасьць жанчын, якія выходзяць на вуліцы насуперак закону ісламскага ўраду аб хіджабах, надзеўшы толькі шапкі або ўвогуле не пакрываючы галаву.
Пара ў Тэгеране 6 сьнежня.
Відэа, апублікаванае ў пачатку сьнежня, паказвае жанчын, якія ідуць па адной з цэнтральных вуліц Тэгерану зь непакрытымі валасамі.
Жанчыны размаўляюць у парку пасьля сьнегападу ў Тэгеране 24 сьнежня.
Справаздача «Голасу Амэрыкі» цытуе праваабарончую групу ў Вашынгтоне, якая сьцьвярджае, што патрулі паліцыі маралі зьніклі з заможных раёнаў Тэгерану за апошнія тыдні.
Жанчыны ў Тэгеране 6 сьнежня.
Аднак у некаторых гарадах за межамі Тэгерану абмежаваньні на адзеньне, відаць, застаюцца ў поўнай сіле.
Жанчына ў вязанай шапцы назірае за двума сабакамі, якія гуляюць у парку ў Тэгеране 24 сьнежня.
У нядаўняй справаздачы афіцыйнага іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA апісваецца, што пяць прадпрыемстваў у правінцыі Казьвін на паўночным захадзе Ірану былі часова закрыты ў якасьці пакараньня за абслугоўваньне жанчын, якія не насілі хіджаб.
Жанчына разглядае калядныя ўпрыгажэньні ў Тэгеране 25 сьнежня.
Па стане на 26 сьнежня ў некаторых раёнах Ірану працягваліся акцыі пратэсту праз жорсткі разгон дэманстрацый, выкліканых сьмерцю Аміні ў верасьні.