Кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін: «Мы хочам стварыць глябальны беларускі прадукт»

Мікалай Халезін

Пра падсумаваньне мастацкіх вынікаў году размаўляем зь Мікалаем Халезіным, кіраўніком Беларускага Свабоднага тэатру. Сёлета Свабодны тэатар ажыцьцявіў тры тэматычна розныя і вельмі пасьпяховыя праекты. Спэктакль «Сабакі Эўропы» апынуўся ў топах эўрапейскіх рэйтынгаў самых цікавых пастановак году.

Прыемныя рэйтынгі

— Мікалай, спэктакль «Сабакі Эўропы» Свабоднага тэатру на аснове раману Альгерда Бахарэвіча трапіў у дзясятку найлепшых тэатральных спэктакляў году ў Вялікай Брытаніі паводле часопісу Prospect. А партал BroadwayWorld назваў «Сабакі Эўропы» найлепшым спэктаклем у Брытаніі ў 2022 годзе ў катэгорыі спэктакляў «для вялікай сцэны». Я не разьбіраюся ў тэатральным жыцьці Брытаніі, таму не магу меркаваць, наколькі вялікі гэта гонар — апынуцца ў такіх рэйтынгах. Мо ты нам патлумачыш? І што такое «вялікая сцэна»?

— Prospect — гэта вялікі штомесячны грамадзка-палітычны часопіс, які складае разнастайныя рэйтынгі. Ён стаў адным з самых папулярных з 2005 году, калі апублікаваў рэйтынг 100 вядучых інтэлектуалаў сьвету. BroadwayWorld — гэта брытанска-амэрыканская тэатральная плятформа, яна піша пра ўсе краіны, але ў асноўным пра вялікія тэатральныя праекты ў Амэрыцы і Брытаніі.

Мы таксама ўвайшлі ў топ міжнародных тэатральных калектываў году ў Stage — гэта спэцыялізаваны тэатральны часопіс. Ну і часопіс Time Out, які адсочвае ўвесь забаўляльны кантэнт у сьвеце, таксама ўнёс наш спэктакль у дзясятку найлепшых спэктакляў году.

Так, усе гэтыя рэйтынгі — прыемныя рэчы, і мы ў такіх рэйтынгах апынаемся год за годам рэгулярна. Але трэба разумець сёньняшнюю рэальнасьць — справа цяпер ня ў тым, у якія рэйтынгі ты трапляеш. Гэта прыемна, карысна і вельмі цешыць і творцаў, і апекуноў тэатру, але цяпер маем такі час, калі мы не спаборнічаем зь іншымі тэатрамі. Гэты час, як думаю, закончыўся назаўсёды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветную прэм’еру «Сабак Эўропы» ў лёнданскім тэатры Barbican паглядзелі тысячы чалавек

Сапраўдныя канкурэнты тэатральнай сцэны

Сёньня, калі б мне давялося выбіраць паміж месцам у нейкіх рэйтынгах або тэатральнымі прызамі і запоўненай гледачамі вялізнай заляй — прыкладам, на паўтары тысячы чалавек, як было на «Сабаках Эўропы» — то я выбраў бы запоўненую залю, гэта значыць, сытуацыю, калі ўсе месцы sold-out. Таму што цяпер мы канкуруем са стрымінгавымі плятформамі. Мы мусім прапанаваць такі прадукт, які адарваў бы чалавека ад тэлевізара, перад якім ён сядзіць вельмі камфортна і ў якім яму прапануюць унікальны кантэнт у велізарнай колькасьці.

Калі гаварыць пра назву «вялікая сцэна», дык маюцца на ўвазе залі, у якіх рэальна існуе вялізная тэатральная сцэна. Уся тая цяга апошнія дзесяцігодзьдзі да камэрных пляцовак у постсавецкіх тэатрах, яна зразумелая: глядач знаходзіцца вельмі блізка ад актораў, і мы так гралі ў Менску на працягу ўсіх васямнаццаці гадоў. З прычыны той цягі да камэрных тэатральных формаў вялікая сцэна моцна страчвала. Таму што ствараць праекты для вялікай сцэны — гэта вельмі вялікія бюджэты, гэта іншая рэжысура, у якой ты павінен выкарыстоўваць маштабныя мізансцэны і ня можаш паставіць на сцэне толькі аднаго актора і нейкую сьціплую дэкарацыю. Ты мусіш вырашыць праблему прасторы, а ў сьвеце ўсё менш рэжысэраў, якія гэтую прастору ўмеюць асвойваць. Таму, натуральна, цяпер тэатральныя пастаноўкі разьдзяляюць на розныя намінацыі, адна зь якіх — «спэктаклі для вялікай сцэны».

Прэм’ера «Сабак Эўропы» Свабоднага тэатру ў тэатры Barbican у Лёндане, 11 сакавіка 2022

Посьпех «Сабак Эўропы»

— Дзе вы паказвалі «Сабак Эўропы»?

— Прэм’ера была назначана яшчэ на травень 2020 году. Гэта быў першы праект, які мы былі гатовыя паказаць на сцэне цэнтру мастацтваў Barbican у Лёндане. Гэта адна з самых прэстыжных пляцовак у сьвеце, на якой мы заўсёды хацелі выступіць. Яны нам выдзелілі тыднёвае «акно» на выступы ў траўні 2020-га, але пачаўся локдаўн і ў выніку мы сыгралі больш за дзесяць спэктакляў у Менску, непасрэдна перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Потым выступаць стала немагчыма, пайшлі арышты, пагрозы крымінальнага перасьледу і іншае. Мы былі вымушаныя правесьці рэлякацыю тэатру, і праз гэта ды чарговыя локдаўны дата прэм’еры некалькі разоў пераносілася. У выніку быў прызначаны сакавік гэтага году. Прэм’ера «Сабак Эўропы» адбылася ў Лёндане праз тыдзень пасьля пачатку вайны.

Гэта быў неймаверны досьвед. Альгерд фактычна прадказаў у сваім рамане ўсё, што будзе адбывацца. Людзі чыталі тэкст, які ішоў патокам на экране — пра тое, што быў канфлікт на мяжы з Польшчай, што ў Беларусі задушылі рэвалюцыю, што пачалася вайна і пасьля вайны адбыўся падзел на «Новы Райх» і Эўразьвяз — і разумелі, што ўсё гэта было прадказана ў 2017 годзе. Гэта сапраўды быў шок…

Спэктакль быў вялікім посьпехам, на прэм’еру прыйшлі каля 70 тэатральных аглядальнікаў, усюды выйшлі самыя высокія ацэнкі, напрыклад, Financial Times паставіў нам пяць зорак. Зьехаліся розныя прадусары і кіраўнікі тэатральных пляцовак, і мы заплянавалі паказы — выступалі ў Люксэмбургу, нядаўна адыгралі спэктакль у Парыжы на адной з самых культавых пляцовак, у тэатры Odéon, далей спэктакль паедзе ў Аўстралію, потым у Нямеччыну…

Прэм’ера «Сабак Эўропы» Свабоднага тэатру ў тэатры Barbican у Лёндане, 11 сакавіка 2022

— Вядома, тэатральныя аглядальнікі разьбіраліся, пра што ваш спэктакль, бо яны гэтым зарабляюць на свой хлеб. А як са звычайнымі гледачамі? Разумелі яны, што гаворка на сцэне ідзе і пра Беларусь, а не абавязкова пра Расею?

— Яны разумелі і разьбіраліся. Гэта таксама быў вельмі цікавы досьвед. Таму што спэктаклі, якія ідуць, так бы мовіць, зь лінейным сюжэтам, больш простыя для разуменьня. А наш аповед быў разьдзелены на дзьве сюжэтныя лініі — у першай частцы сюжэт праходзіў у «Новым Райху», а другая частка была пра Эўропу, пра падарожжа сьледчага, які расьсьледуе сьмерць пісьменьніка. Гэты падзел на два акты пакідаў шмат пытаньняў, але мы пастараліся растлумачыць усё, што магчыма. Насамрэч нейкага неразуменьня не было, бо й пра Беларусь тэатральная публіка ведала ўжо значна больш, чым да рэвалюцыі 2020-га. Хаця, безумоўна, гэта вельмі нялёгкі спэктакль для разуменьня…

Праект з чэрава Радыё Свабода

— Ці былі ў вас іншыя спэктаклі сёлета, акрамя «Сабак Эўропы»?

— Так, у нас быў досьвед, якога мы не плянавалі. У нас ёсьць спэктакль, які нарадзіўся, дарэчы, не без дапамогі Радыё Свабода — «Быў у пана верабейка гаварушчы» паводле кнігі Зьмітра Бартосіка. Нам парэкамэндаваў гэта зрабіць Сяргей Шупа. Мы ўзялі гэты праект, можна сказаць, з чэрава Радыё Свабода. Я доўга думаў, як яго паставіць, таму што ў гэтай кнізе расказваюцца гісторыі з ваеннага і пасьляваеннага часу ў Беларусі. Я думаю, калі б спэктакль паглядзелі ўлады, ён быў бы прызнаны «экстрэмісцкім». Таму што там ёсьць і немцы, якія ратавалі беларусаў, і паліцаі, якія расстрэльвалі, і партызаны, якія рабавалі мірнае насельніцтва — і ўсё гэта грунтуецца на рэальных гісторыях.

Я прыдумаў дзень народзінаў, на якім сядзяць 8 актораў і 22 гледачы. Яны ўсе сядзяць за сталом і вячэраюць, адзначаюць дзень народзінаў. І самі гледачы да канца ня ведаюць, хто зьяўляецца акторам за гэтым сталом. І вось за гэтым сталом расказваюць такія застольныя гісторыі, там і спрэчкі, і бойка, і песьні, і танцы, і самагонка… Гэты спэктакль мы паказвалі толькі для беларусаў, таму што практычна немагчыма зрабіць адэкватны пераклад такой пастаноўкі. Таму ў Лёндане, дзе ўжо даволі вялікая беларуская дыяспара, мы вырашылі паказваць яго толькі для беларусаў. Ну на ўсякі выпадак зрабілі апісаньне на ангельскай мове кароткімі тэзісамі, пра што гаворка ў кожным фрагмэнце, калі раптам нехта зь беларусаў прывядзе з сабою англамоўнага сябра.

Прэм’ера «Сабак Эўропы» Свабоднага тэатру ў тэатры Barbican у Лёндане, 11 сакавіка 2022

І вось мы выступалі перад беларусамі, зь вялікім посьпехам, і ў нейкі момант на «Верабейку» пачалі прыходзіць брытанцы, «чапляючыся» адзін за аднаго — нехта зь беларусаў прывёў брытанца, той сказаў іншаму брытанцу, і так пайшло. Потым прыйшлі дзьве сьпявачкі з Royal Opera House, якія далі нам моцную прачуханку: маўляў, у Брытаніі вельмі складана з рэжысурай, а вы такі акторскі і рэжысэрскі скарб трымаеце ў сакрэце. Вы ня маеце права хаваць гэта ад брытанскай публікі. І мы вырашылі, што будзем на спэктакль пускаць пяць-шэсьць чалавек брытанцаў. Квіткі на спэктаклі сталі раскупляцца мамэнтальна, як толькі мы заяўлялі даты выступаў. Прыходзілі розныя VIPы, сярод іх Кэйт Бланшэт, якая засталася ў шалёным захапленьні ад убачанага… Мы таксама запрасілі крытыкаў, і ў выніку выйшлі захопленыя рэцэнзіі, у тым ліку ў Time Out. Мы адыгралі амаль дваццаць спэктакляў у Лёндане.

Прэм’ера «Сабак Эўропы» Свабоднага тэатру ў тэатры Barbican у Лёндане, 11 сакавіка 2022

Унікальны спэктакль дзяцей і бацькоў

— Ставілі нешта па-за Лёнданам?

— Так, я забыўся сказаць пра яшчэ адзін вельмі важны праект. Цяпер наш тэатар знаходзіцца, па сутнасьці, у двух месцах: мэнэджарская і кіназдымачная частка ў Лёндане, а прыктычна ўся акторская трупа — у Польшчы. Рэпэтыцыі мы можам праводзіць у Варшаве або прывозім актораў у Лёндан ці ў нейкае іншае месца. Так мы працавалі і раней, да кастрычніка 2021-га, калі яшчэ выступалі ў Беларусі. У Варшаве ў нас вельмі добрыя адносіны і з мэрыяй, і з урадавымі чыноўнікамі. Мэрыя запытала ў нас, ці ня хочам мы рэалізаваць нейкі адукацыйны праект. Мы адказалі, што мы гатовыя папрацаваць з падлеткамі. Таму што вялізная колькасьць падлеткаў выехала з бацькамі зь Беларусі ў Польшчу, і мы гатовыя зрабіць для іх экспэрымэнтальны адукацыйны курс, які потым мог бы ператварыцца ў нешта стацыянарнае.

Мы зрабілі такі пяцімесячны курс для ўзроставай групы 15–17 гадоў, ня толькі пра тэатар, але наагул пра мастацтва. І мы вырашылі, што фіналам гэтага курсу павінен стаць спэктакль. Я прыехаў, пачаў займацца зь імі драматургіяй і абмяркоўваць, пра што яны хочуць пагаварыць са сцэны. Спакуса была вельмі вялікая, каб падштурхнуць іх да тэатру, калі гэтыя дзеці яшчэ не выходзілі на сцэну. Тое, што яны маглі выйсьці на сцэну са сваім матэрыялам, расказваючы пра сябе — такое мала дзе здараецца. Магчыма, што нідзе не здараецца. Гэтыя дзеці перажылі ў сваім жыцьці шмат што — пандэмію, уцёкі зь Беларусі, выезд з-пад бомбаў з Украіны, эміграцыю ў Польшчу. І я іх запытаў, ці хочуць яны пагаварыць пра гэта са сцэны. Мы пачалі гэта абмяркоўваць, і я зразумеў, што больш за ўсё яны хочуць пагаварыць пра свае адносіны з бацькамі. Парадаксальная гісторыя. Перажылі толькі ўсяго і назапасілі такі калясальны досьвед, але самым дарагім для іх было пракласьці масты да сваіх бацькоў. Мы ўсё падрыхтавалі бязь ведама бацькоў. Гэта значыць, бацькі ведалі, што мы там нешта робім, але мы не раскрывалі дэталяў. Стварыліся як быццам дзьве камунікацыйныя сеткі — адна з тых падлеткаў, якія рыхтавалі спэктакль, а другая з бацькоў, якія прывозілі дзяцей на заняткі.

На прэм’еры, калі дзеці гралі спэктакль, у залі патокам ліліся сьлёзы. Спачатку заплакалі бацькі, а потым усе гледачы. Таму што дзеці сталі шчыра гаварыць пра тое, чаго ім не хапае, што ня так робяць бацькі ў іх выхаваньні, якія ёсьць праблемы ўнутры сем’яў… Гэта быў неймаверны досьвед. На спэктаклі была выдатная оскараносная польская рэжысэрка Агнешка Голянд, якая ўдзельнічала ў дыскусіі пасьля спэктаклю. Яна сказала, маўляў, я ў шоку, таму што я ніколі ня бачыла такой шчырасьці з боку дзяцей. Бацькі таксама пачалі выказвацца па чарзе, тлумачачы, што ў сем’ях ня так. І працяг быў непрадбачаны. Я запытаў у бацькоў, што яны думаюць на гэты конт. І яны сказалі — мы хочам адказаць. Я ім сказаў, што хачу зь імі таксама зрабіць спэктакль і аб’яднаць гэтыя два спэктаклі ў адзін, дзе ў першым акце гавораць дзеці, а ў другім — бацькі. Мы пачалі зь імі займацца і плянуем прэм’еру 10 лютага. Цяпер дзеці ня ведаюць, на якія рэпэтыцыі ходзяць іхныя бацькі… А Агнешка Голянд сказала мне: калі я не пагляджу гэты другі спэктакль, то гэта будзе найгоршая хіба ў маім жыцьці…

Прэм’ера «Сабак Эўропы» Свабоднага тэатру ў тэатры Barbican у Лёндане, 11 сакавіка 2022

Пра грошы і іншае бытавое

— Цяпер мне хацелася б запытацца ў цябе пра пэўныя бытавыя праблемы вашага тэатру. Вам даводзіцца плаціць за залі, у якіх вы паказваеце свае спэктаклі? Або ці зарабляеце вы сваімі выступамі на пражываньне?

— Не, мы ня плацім за залі. Наадварот, гэта плацяць нам за нашы выступы. Напрыклад, калі мы выступаем у тэатры Barbican, то яшчэ ў фазе падрыхтоўкі спэктаклю яны прызначаюць акрэсьленую сума на пастаноўку. Дакладна так і на гастролях, мы нічога ня робім за свае грошы, бо ж у нас няма ня толькі свайго Міністэрства культуры, але і сваёй краіны. Мы можам толькі выступаць за кошт боку, які нас прымае… Вось нядаўна мы былі на фэстывалі ў Парыжы, дзе былі хэдлайнэрамі, то бок у тройцы найважнейшых спэктакляў на фэстывалі. Безумоўна, усё гэта аплочвалася, і я кажу тут ня толькі пра ганарары, але і пра сутачныя, пераезды, транспарт, пражываньне…

— Які фармальны статус у Беларускага Свабоднага тэатру на Захадзе? Вы там недзе зарэгістраваныя?

— Безумоўна. Мы зарэгістраваныя не ў адной краіне, а ў дзьвюх: у Вялікай Брытаніі і ў Польшчы. Мы зарэгістраваныя як charity, то бо як грамадзкая асацыяцыя дабрачыннага профілю. У Брытаніі амаль усе тэатры зарэгістраваныя як charity, акрамя тых некаторых, якія дзейнічаюць як камэрцыйныя структуры. Справа ў тым, што калі ты зарэгістраваны як грамадзкая арганізацыя, ты ня плаціш падаткаў з тых грошай, якія табе могуць добраахвотна ахвяраваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Свабодны тэатар стаў ляўрэатам узнагароды Remake a World 2022 за свабоду творчасьці

— Колькі людзей у вас працуе?

— Гэта залежыць ад праекту. Напрыклад, у спэктаклі «Сабакі Эўропы» было ангажавана каля 30 чалавек: прыблізна 20 зь іх — беларусы, а 10 — брытанцы. У нас працавалі і нігерыйскія акторы, і канадзкія, напрыклад…

Цяпер вельмі складаны час у тэатральнай індустрыі. Калі раней пастаноўкі каштавалі, скажам, паўмільёна фунтаў, то цяпер іх робяць за 100–150 тысяч. Эканоміць пачалі ўсе, нават Royal Opera House скарачае пэрсанал, звальняе людзей. «Сабакі Эўропы» — гэта даволі дзіўная гісторыя, бо гэта вельмі вялікі праект, зь вялікім бюджэтам і сур’ёзнымі часавымі ўкладаньнямі. Але такія рэсурсныя памеры дазваляюць гэтаму праекту забіраць найлепшыя сцэны. Таму што цяпер мала праектаў, прызначаных для вялікіх сцэнаў. Вось Barbican нядаўна заключыў з намі кантракт, што тры наступныя нашы прэм’еры — што б гэта ні было — будуць праходзіць якраз на іхнай сцэне пасьля таго посьпеху, які мелі «Сабакі Эўропы». І вось у верасьні ў нас на сцэне Barbican будзе прэм’ера, і гэта таксама вельмі вялікі праект. Мы туды сабралі зорны састаў…

Мікалай Халезін і Натальля Каляда, кіраўнік і арт-дырэктарка Беларускага Свабоднага тэатру

Парадаксальны праект

— Можам сказаць, што за праект рыхтуеце?

— Не магу цяпер даць назву, але магу сказаць, што гэта будзе. Гэта будзе опэра паводле аднаго з твораў Уладзімера Караткевіча. Назву можам адкрыць толькі тады, калі яе абвесьціць Barbican, а гэта адбудзецца ў студзені. Гэта будзе вялікая опэра — першы досьвед стварэньня опэры па-за інстытуцыянальнай Беларусьсю. Туды мы зьбіраем зорны састаў з опэрных артыстаў і драматычных актораў. Ужо працуюць Воля Падгайская як кампазытарка, Надзя Саяпіна як мастачка, Андрэй Хадановіч як чалавек, які піша паэзію. Мы хочам стварыць глябальны флягманскі нацыянальны беларускі прадукт. Гэты прадукт ствараецца абсалютна на парадоксе: калі ўсе зьмяншаюцца, мы хочам павялічыцца. Гэта складаная гісторыя, але тых, хто хочуць падтрымаць, дапамагчы і паспрыяць, вельмі шмат. І вось гэта вельмі радуе.