Улады ў Ерэване заявілі, што Армэнію прымушаюць далучыцца да «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі

Сакратар Рады бясьпекі Армэніі Армэн Грыгаран

З такой заявай выступіў сакратар Рады бясьпекі Армэніі Армэн Грыгар'ян. Апрача таго, ён заявіў, што Армэнію прымушаюць даць калідор Азэрбайджану.

У аснове 16-га дня блякаваньня Лачынскага калідору і нападу на Армэнію 13 верасьня ляжыць патрабаваньне даць Азэрбайджану калідор праз тэрыторыю Армэніі, заявіў сакратар Рады бясьпекі краіны Армэн Грыгар'ян.

«Гэта шырокі кантэкст, так бы мовіць, у кантэксьце падтрымкі Азэрбайджана ў пляне атрыманьня нейкай дарогі праз тэрыторыю Армэніі. Армэнія працягвае супраціўляцца гэтаму. Дарэчы, магу дакладна сказаць, што з гэтым зьвязана і эскаляцыя 13 верасьня, і ў асноўным гэта зьяўляецца падставай або матывам усяго крызісу», — заявіў Грыгаран.

Улада Армэніі таксама ўпершыню публічна заявіла, што на Армэнію аказваецца ціск з мэтай яе далучэньня да саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.

«Калі Армэнія супраціўляецца, атрымлівае адказ у выглядзе вайсковага ціску», — заявіў сакратар Рады бяспекі, не ўдакладніўшы, зь якога боку аказваецца гэты ціск.

Перад гэтым Грыгар'ян працытаваў словы амбасадара Беларусі аб тым, што ў расейска-беларускім саюзе не хапае трэцяй дзяржавы.

«Вы згадалі заяву амбасадара аб саюзнай дзяржаве, натуральна, і адсюль ідзе ціск на Армэнію. І кожны раз, калі армянская дэмакратыя і дэмакратычная сыстэма супраціўляюцца гэтаму, яна атрымлівае іншыя віды ціску ў выглядзе ваеннай сілы», — сказаў Грыгаран.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у гутарцы з News.am назваў заявы Армена Грыгар'яна «правакацыйнымі» і заявіў, што «ніхто з расейскіх чыноўнікаў гэтага не казаў і ні праз каго не даводзіў да армянскага боку».

Як перакананы дэпутат кіроўнай фракцыі «Грамадзянская дамова», былы намесьнік міністра абароны Гагік Мелканьян, Расея пачала аказваць ціск на Ерэван, калі пасьля «аксамітнай рэвалюцыі» 2018 году ў Армэніі пачалі разумець, што Армэнія хоча канчаткова стаць незалежнай. І зараз, па словах праўладнага дэпутата, Расея выкарыстоўвае сытуацыю ў Лачынскім калідоры для аказаньня ціску на Армэнію.

«Калі б зараз Расея хацела, каб Лачынскі калідор адкрыўся, ён бы даўно адкрыўся. Цікавасьць Расеі ў тым, каб ты быў яе васалам, мы павінныя быць у складзе Расеі, у саюзнай дзяржаве», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Армэніі Пашыньян адмовіўся падпісваць дакумэнты на саміце АДКБ. Лукашэнка кажа, што армянскія папраўкі не прайшлі