Мінус 2 пляцоўкі: у Менску закрываюцца арт-прастора Hide і беларускамоўная кавярня «Апостраф»

Арт-прастора Hide (фота з афіцыйнай старонкі ў Фэйсбуку)

Пра закрыцьцё ўладальнікі ўстановаў паведамілі ў сацыяльных сетках.

Арт-прастора Hide (вул. Кастрычніцкая 19/4) — пляцоўка-трансформэр, там праходзілі выставы, тэатральныя пастаноўкі, канфэрэнцыі, сустрэчы і вечарыны. Пра закрыцьцё каманда абвясьціла ў Instagram.

«Сябры, мы закрываемся. Апошняя паці 07.01. Анонс і лайн-апы пазьней. Бясконца любім вас», — паведамілі ўладальнікі.

«Удзячны лёсу, што быў часткай гэтага месца», «Вы — найлепшыя», «Разьвітваемся з чарговым добрым месцам», «Гэта трэш... Вельмі-вельмі сумна такое бачыць і ўсьведамляць. Наш гурт шмат зьвязвае менавіта з гэтым месцам», «Сказаць, што я ў шоку — нічога не сказаць», — не хаваюць эмоцый у камэнтарах з нагоды сумнай навіны заўсёднікі і сябры пляцоўкі і дзякуюць камандзе клюбу.

Прычын закрыцьця каманда не агучыла. У кастрычніку падчас канцэрту ў Hide уварваліся сілавікі і затрымалі аднаго з наведнікаў.

Таксама ў Менску зачыняецца беларускамоўная кавярня «Апостраф». «Зь вялікім жалем і болем на сэрцы вымушаны паведаміць вам аб нашым закрыцьці», — напісалі ў сацсетках уладальнікі кавярні.

Апошні працоўны дзень — 13 студзеня 2023. Кавярня працавала крыху больш за год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ПЭН-цэнтар выявіў 291 выпадак рэпрэсій у культурнай сфэры за першы квартал 2021 году