Суд над актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў перанесьлі на нявызначаны тэрмін. Сёньня яны чакалі выраку
У Менскім гарадзкім судзе 27 сьнежня чакалася вынясеньне прысуду актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязьням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасьневу і Вацлаву Арэшку.
Аднак судзьдзя Алена Папкова нечакана паведаміла, што па наноў адкрытых абставінах суд над актывістамі пераносіцца, і папрасіла ўсіх пакінуць судовую залю. Прычыны такога рашэньня пакуль невядомыя.
Берасьнева, Фядыніча і Арэшку вінавацілі паводле артыкулаў:
- ч. 1 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні);
- ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі);
- ч. 3 арт. 130 КК (Распальваньне сацыяльнай варожасьці);
- ч. 3 арт. 361-1 КК (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзел у ім).
Прысуд лідэрам БКДП
26 сьнежня таксама ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, яго намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі ў «дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт 342), а Ярашука таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч.3 арт. 361).
Судовы працэс вяла судзьдзя Валянціна Зянкевіч, якая агучыла прысуды:
- Аляксандар Ярашук — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
- Сяргей Антусевіч — 2 гады;
- Ірына Бут-Гусаім — 1,5 года.
Акурат столькі ў суду запрошваў бок абвінавачваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуды кіраўніку і дзеячам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў: ад 1,5 да 4 гадоў турмыЛіквідацыя незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі
Рашэньнем Вярхоўнага суду ў Беларусі 12 ліпеня былі зьліквідаваныя Беларускі незалежны прафсаюз і Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Апошні ў красавіку быў прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй».
14 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб Свабодным прафсаюзе Беларускім (СПБ) і Свабодным прафсаюзе мэталістаў (СПМ). 18 ліпеня — аб Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў.
10 чэрвеня генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб спыненьні дзейнасьці некалькіх незалежных прафэсійных аб’яднаньняў, такіх як СПМ, СПБ, БНП, РЭП і БКДП.
Рэпрэсіі супраць лідэраў незалежных прафсаюзаў
13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 году. Палітвязьнямі прызнаныя Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.
«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаварылася ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюз IndustriALL запатрабаваў ад Міжнароднай арганізацыі працы ўмяшацца ў сытуацыю ў Беларусі, дзе забаранілі ўсе незалежныя прафсаюзы