Па стане на 27 сьнежня парлямэнцкія групы «За дэмакратычную Беларусь» існуюць у 13 нацыянальных парлямэнтах: у Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Грузіі, Канадзе, Латвіі, Літве, Малдове, Польшчы, ЗША, Украіне, Чэхіі, Швэцыі і Эстоніі, паведамляе прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай.
Акрамя гэтага, працэс стварэньня такіх парлямэнцкіх групаў запушчаны яшчэ ў 6 краінах: у Нямеччыне, Ісьляндыі, Нідэрляндах, Нарвэгіі, Фінляндыі і Францыі.
Як тлумачыць прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, парлямэнцкія групы — «гэта ня проста фармальная прысутнасьць нашых саюзьнікаў і сяброў дэмакратычнай Беларусі ў парлямэнтах — гэта рэальны рычаг ціску на рэжым і дапамогі свабодным беларусам».
«Такія дэпутацкія групы ўжо аб’ядналі больш за 200 парлямэнтароў, неабыякавых да лёсу беларусаў і гатовых траціць свой час і намаганьні дзеля таго, каб пазытыўныя перамены прыйшлі ў нашу краіну як мага хутчэй», — кажа Анатоль Лябедзька.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік літоўскай групы «За дэмакратычную Беларусь» выбраны новым спэцдакладчыкам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭПаводле Лябедзькі, парлямэнцкія групы «За дэмакратычную Беларусь» — гэта:
- Магчымасьць трымаць Беларусь у парадку дня ва ўмовах вайны і працягваць дэлегітымізацыю рэжыму.
- Больш за 20 рэзалюцый (толькі за 2022 год) па сытуацыі ў Беларусі з асуджэньнем рэпрэсій і прапановамі па прызнаньні ГУБАЗіКу і КДБ тэрарыстычнымі арганізацыямі, правядзеньні спэцыяльнага трыбуналу ў дачыненьні да рэжыму.
- Гатоўнасьць прымаць беларусаў на стажыроўкі ў нацыянальных парлямэнтах, рыхтаваць кадры для новай Беларусі.
- Прыняцьце законаў, якія дазваляюць падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць Беларусі.
- Дзясяткі «хросных», якія ўзялі апякунства над палітычнымі вязьнямі Беларусі. Удзел у акцыях і кампаніях салідарнасьці з ахвярамі палітычных рэпрэсій.
- Афіцыйныя кантакты Сьвятланы Ціханоўскай і падтрымка дэмакратычнай Беларусі ў такіх міжнародных арганізацыях, як ПАРЭ, АБСЭ, Эўрапарлямэнт. Магчымасьць данесьці пункт гледжаньня беларусаў на пленарных паседжаньнях парлямэнтаў Літвы, Латвіі, Эстоніі і іншых краін і абараніць нашыя нацыянальныя інтарэсы.
- Якасная прававая экспэртыза праекту Канстытуцыі новай Беларусі і пакета законаў, які апазыцыя распрацоўвае ў дадатак да будучай Канстытуцыі.