На лаве падсудных — Сяргей Шэлест, Уладзімер Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандар Капшуль.
Усіх фігурантаў абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Капшуля дадаткова — у «незаконных дзеяньнях у дачыненьні агнястрэльнай зброі» (ч. 2 арт. 295 КК). Шэлеста, Жураўку і Пагерылу дадаткова — у «паклёпе» (арт. 188 КК).
Палітвязьням пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Працэс разглядае судзьдзя Аляксандар Піскуноў.
Раней усе дзесяцёра падсудных не прызналі віну ў здрадзе дзяржаве.
На працэсе дасьледавалі матэрыялы справы, дапыталі пацярпелых і сьведкаў. Меў адбыцца таксама допыт палітвязьняў, але ўсе яны адмовіліся даваць паказаньні, піша «Вясна». Таму цяпер на працэсе агучваюцца ранейшыя паказаньні, якія палітвязьні давалі падчас сьледзтва ў КДБ. Тады допыты фіксавалі на відэа — яны дэманструюцца ў судовай залі.
- «Рабочы рух» узьнік у 2020 годзе. У ім аб’ядналіся беларускія рабочыя, у тым ліку лідэры і актывісты страйкаў 2020 году. Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе завядзеньня сталі спробы арганізаваць страйк на буйных прамысловых прадпрыемствах.