Справу Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна разглядалі ў Менскім гарадзкім судзе з 19 сьнежня. Абое абвінавачаныя на пасяджэньні не зьявіліся — яны з канца 2020 году жывуць за мяжой.
У судзе прысутнічалі дзяржаўны абвінаваўца, абаронцы, прадстаўнікі грамадзянскага пазоўніка, паведамляла БелТА.
26 сьнежня Апейкіна і Герасіменю абвінавацілі ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК) і прысудзілі ім максымальны тэрмін, прадугледжаны гэтым артыкулам, — 12 гадоў зьняволеньня кожнаму.
У Герасімені ў кошт грамадзянскага пазову арыштавалі грошы на банкаўскіх рахунках (больш за 48 тысяч даляраў), аўтамабіль Land Rover, мабільныя тэлефоны «Айфон» і «Самсунг», кватэру, машынамесца, халадзільнік, акустычную сыстэму і іншую маёмасьць.
Увесну гэтага году БФСС улады прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй. Апейкін і Герасіменя — у ліку заснавальнікаў фонду. Апейкін працуе выканаўчым дырэктарам БФСС і сёньня, а Герасіменя сёлета праз рознагалосьсі пакінула арганізацыю.
Абвінавачаньне настойвала на тым, што Герасіменя і Апейкін заклікалі дзяржавы і міжнародныя арганізацыі ўвесьці санкцыі супраць Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, перанесьці зь Менску хакейны чэмпіянат сьвету і адмовіцца яго спансаваць. Іх дзеяньні паспрыялі скасаваньню шэрагу спартовых мерапрыемстваў і прычынілі шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі ў палітычнай і сацыяльных сфэрах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі вядомую спартоўку Надзею АстапчукБеларускі фонд спартовай салідарнасьці ўтварыўся ў 2020 годзе дзякуючы намаганьням атлетаў, у тым ліку алімпійскіх і сусьветных чэмпіёнаў, прызэраў, якія выступілі за свабодныя дэмакратычныя выбары і супраць гвалту. За час сваёй дзейнасьці БФСС падаў некалькі пазоваў і прашэньняў у міжнародныя арганізацыі з просьбай разабрацца з палітызацыяй спорту афіцыйнымі органамі РБ.
У кастрычніку-лістападзе дэлегацыя БФСС наведала ЗША. Падчас візыту прадстаўнікі фонду сустрэліся з амэрыканскімі спартоўцамі, журналістамі і палітыкамі, а таксама з прадстаўнікамі беларускай і ўкраінскай дыяспараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трыбуна»: Мінспорту склала «чорны сьпіс» з паўсотні футбалістаў, якім забаронена працаваць у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто вінаваты ў спартовых правалах Беларусі