Кіраўнік спраў прэзыдэнта РФ закупляе ялінкі ў «недружалюбнай» Польшчы

Калядная ялінка ў Варшаве

Навагоднія ялінкі для Савету Фэдэрацыі і Падліковай палаты РФ закупляюць у Польшчы, якую расейскія ўлады аб'явілі «недружалюбнай» краінай, паведамляе тэлеграм-канал «Полигон.медиа» з спасылкай на партал дзяржзакупак.

У дамове, разьмешчанай на партале ўвечары 24 сьнежня Ўпраўленьнем па эксплюатацыі будынкаў Фэдэральнага Сходу Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Расеі, паказана, што заказчык набывае шэсьць піхтаў Нордмана вышынёй да 4,5 мэтра і з густой сымэтрычнай кронай за 281 тысячу рублёў ( 4120 даляраў). Закупка ажыцьцяўляецца ў адзінага пастаўшчыка.

  • У сакавіку бягучага году расейскі ўрад на распараджэньне Ўладзіміра Пуціна зацьвердзіў сьпіс дзяржаў, якія, на думку ўладаў, зьдзяйсьняюць у дачыненьні да Расеі і яе грамадзян «недружалюбныя дзеяньні». На дадзены момант у сьпісе 49 краін, сярод якіх — Польшча. СМІ адзначаюць, што чыноўнікі Савету Фэдэрацыі неаднаразова і публічна пагражалі Польшчы мерамі, уключаючы ваенныя, у адказ на нібыта «русафобію», якую, на іх думку, заахвочвае кіраўніцтва гэтай краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ялінка нязломнасьці». У Кіеве запалілі агні на галоўнай ялінцы краіны