Начальнік Генэральнага штабу Ірану Мухамад Багеры назваў доказам «эфэктыўнасьці» іранскіх бесьпілётнікаў паведамленьні аб выкарыстаньні Расеяй гэтых дронаў у вайне супраць Украіны. Пры гэтым Іран ня раз адмаўляў пастаўкі зброі Расеі для вядзеньня баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.
Кіеў і яго заходнія саюзьнікі ня раз абвінавачвалі Расію ў выкарыстаньні іранскіх дронаў-камікадзэ для ўдараў па ўкраінскіх гарадах у ходзе ваеннага ўварваньня — у прыватнасьці, пры абстрэлах крытычна важнай для Ўкраіны энэргетычнай інфраструктуры.
«Акрамя таго, што многія з гэтых сьцьвярджэньняў могуць быць ілжывымі, гэта па сутнасьці сьведчыць аб эфэктыўнасьці, важнасьці і высокім узроўні Ісламскай рэспублікі ў тым, што тычыцца дронаў», — цытуе Мухамада Багеры іранскае агенцтва навін «Тасьнім».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заявы Кіева сьведчаць, што ніякіх сантымэнтаў у дачыненьні да Беларусі ўжо ня будзе», — украінскі вайсковы экспэртЗаходнія краіны ў сувязі з ужываньнем іранскіх дронаў ва Ўкраіне ўвялі санкцыі супраць шэрагу іранскіх фірмаў і членаў ваеннага камандаваньня Ірану. Пад санкцыі трапіў і генэрал Багеры.