Па фота з кнігі «Я выхожу» асудзілі дзясяткі чалавек. Праваабаронцы заклікаюць беларусаў праверыць, ці няма іх кнізе

Учора сілавікі апублікавалі відэапацьверджаньне таго, што яны шукаюць людзей па pdf-вэрсіі кнігі «Я выхожу». Паводле іх, ужо больш за 50 чалавек асудзілі дзякуючы кнізе, а ўсяго могуць быць затрыманыя «дзясяткі ці сотні» чалавек, якія ёсьць на фота ў кнізе.

Былыя арыштанты ІЧУ Акрэсьціна распавядаюць праваабаронцам, што за кратамі цяпер шмат затрыманых па фатаздымках з кнігі «Я выхожу». Так, у сьнежні сямейную пару асудзілі за ўдзел у Маршы па фота з гэтай кнігі.

Праваабаронцы «Вясны» са згоды аўтара кнігі апублікавалі PDF-вэрсію кнігі «Я выхожу» і заклікаюць беларусаў праверыць, ці ёсьць яны ці іх знаёмыя на фатаздымках з кнігі.

«Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі і фатаздымак з Вамі патрапіў у гэтую кнігу, Вам трэба тэрмінова паклапаціцца пра сваю бясьпеку», — раяць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сямейную пару асудзілі за ўдзел у маршы пратэсту па фота з кнігі «Я выхожу»


Гэтая кніга была апублікаваная больш за паўтара года таму, у красавіку 2021 года, і распаўсюджвалася за мяжой. Раней аб затрыманьнях па здымках зь яе вядома не было.

Варта адзначыць, што гэтае выданьне далёка не адзіная крыніца матэрыялаў для сілавікоў супраць удзельнікаў пратэстаў. Супрацоўнікі ГУБАЗіК і іншых ведамстваў з 2020 года вывучаюць усе даступныя фота і відэа з пратэстных маршаў у сацыяльных сетках, публікацыях СМІ, тэлеграм-каналах і ідэнтыфікуюць людзей на іх, у тым ліку з дапамогай сыстэмы распазнаньня асобаў Kipod. Гэтай «доказнай базы» аказваецца дастаткова для крымінальных спраў і судоў. Падобным чынам ужо асуджаная вялікая колькасьць беларусаў, многія з іх былі прызнаныя палітычнымі зьняволенымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кітаі могуць адсачыць кожны ваш рух. Ці такая будучыня чакае Беларусь і ўвесь сьвет?