Аляксандар Лукашэнка 22 сьнежня падпісаў указ № 436 «Аб мэдыцынскім аглядзе кіроўных кадраў», у ім пералічаныя вышэйшыя кіроўныя пасады краіны, пры назначэньні на якія дзяржаўныя службоўцы павінны праходзіць спэцыяльны мэдыцынскі агляд. Прэзыдэнта краіны ў сьпісе няма.
Указ апублікаваны 24 сьнежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Згодна зь ім, мэдыцынскі агляд праходзяць чыноўнікі, якія зьяўляюцца кандыдатамі на наступныя пасады ў Беларусі:
- прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь і яго намесьнікі;
- старшыня Канстытуцыйнага Суду і яго намесьнік;
- старшыня Вярхоўнага Суду і яго намесьнікі;
- кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта і яго намесьнікі;
- дзяржаўны сакратар Савета Бясьпекі і яго намесьнікі (калі прызначаецца асоба зь ліку цывільных);
- старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю і яго намесьнікі;
- генэральны пракурор і яго намесьнікі;
- старшыня Праўленьня Нацбанка і яго намесьнікі;
- кіраўнік спраў прэзыдэнта і яго намесьнікі;
- старшыня Камітэта дзяржаўнай бясьпекі і яго намесьнікі (калі прызначаецца асоба зь ліку цывільных);
- старшыні аблвыканкамаў, Менскага гарвыканкаму і іх намесьнікі;
- старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі;
- начальнік Службы бясьпекі прэзыдэнта (калі прызначаецца асоба зь ліку цывільных);
- начальнік апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце (калі прызначаецца асоба зь ліку цывільных);
- старшыня Сьледчага камітэта і яго намесьнікі (калі прызначаецца асоба зь ліку цывільных);
- старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз і яго намесьнікі (калі прызначаецца асоба зь ліку цывільных);
- старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і яго намесьнікі;
- старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту і яго намесьнікі;
- старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі і яго намесьнік;
- начальнік Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце і яго намесьнікі;
- міністры, старшыні дзяржаўных камітэтаў, падпарадкаваных Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, і іх намесьнікі (калі прызначаецца асоба зь ліку цывільных);
- кіраўнік апарата Савета Міністраў;
- упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў;
- надзвычайныя і паўнамоцныя амбасадары Рэспублікі Беларусь, пастаянныя прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях;
- памочнікі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь;
- прэс-сакратар прэзыдэнта;
- старшыні гарвыканкамаў і райвыканкамаў, кіраўнікі адміністрацыяў раёнаў у гарадах.
Яны абавязаны адправіцца на мэдкамісію па накіраваньні дзяржаўных органаў, якія ўключылі іх у сьпіс кандыдатаў на пасаду. Ёсьць толькі адно выключэньне — «калі іншае рашэньне не прынятае прэзыдэнтам».
Мэдагляд будзе праводзіць спэцыяльна створаная Міжведамасная мэдыцынская камісія, якая будзе працаваць на базе Рэспубліканскага клінічнага мэдцэнтру Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта. Яна ж зможа накіроўваць чыноўнікаў на мэдыка-сацыяльную экспэртызу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Псыхіятар Шчыгельскі: З такім дыягназам, які я паставіў Лукашэнку, людзі ўжо не мяняюцца