У Менскім абласным судзе 23 сьнежня асудзілі палітзьняволенага Ягора Лебядка паводле ч. 1 і ч.2 арт. 361–4 («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Алена Місьнік прызначыла Лебядку 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Як паведамляе «Вясна», згодна з матэрыяламі справы, Лебядок у красавіку і траўні 2022 году «ў мэтах забесьпячэньня дзейнасьці публічнага дэструктыўнага каналу, інфармацыйную прадукцыю якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрвію прадстаўніку названага каналу на тэму правядзеньня ўзброенымі сіламі РФ спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны і ролі ў ёй Беларусі».
- Ягор Лебядок — вядомы ў Беларусі незалежны вайсковы экспэрт. Апошнім часам ён аналізаваў пагрозы для Беларусі ў кантэксьце вайны Расеі супраць Украіны і прагназаваў, у якім выпадку рэжым Лукашэнкі можа ўцягнуць у вайну беларускія войскі. Падчас затрыманьня 12 ліпеня ў Лебядка быў ператрус, у яго забралі мабільны тэлефон і сыстэмны блёк кампутара. 16 жніўня Ягора Лебядка прызналі палітычным вязьнем.