23 сьнежня тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» зьвярнуў увагу на тое, што ў конкурсе на найлепшую марку 2022 году ад «Белпошты» ўдзельнічае марка, створаная ліквідаванай уладамі арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Пасьля ўвагі СМІ «Белпошта» выдаліла марку з галасаваньня.
Сярод 27 прэтэндэнтаў на званьне лепшай паштовай маркі 2022 году на сайце была паштовая марка «Белая сініца» з сэрыі «Птушка году», падрыхтаваная пры садзейнічаньні прыродаахоўнай грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», якую ўлады сёлета ліквідавалі нібыта «за экстрэмісцкую дзейнасьць».
Да распаўсюду навіны марка займала сёмае месца ў рэйтынгу марак году, але пасьля закліку блогера да беларусаў галасаваць за марку яна за пару гадзін выйшла на першае месца па колькасьці галасоў.
Як заўважылі СМІ, гэтым абурыліся некаторыя праўладныя прапагандысты.
Пасьля гэтага «Белпошта» выдаліла марку з галасаваньня без тлумачэньня прычын.