«Падтрымаць украінскія атакі па ваенных цэлях у Беларусі, калі яе тэрыторыю зноў скарыстаюць для нападу», — экс-намесьнік дзяржсакратара ЗША

Запуск ракеты з амэрыканскай тактычнай ракетнай сыстэмы, архіўнае фота

«Як мінімум ЗША павінны ўхваліць і падтрымаць украінскія атакі па ваенных цэлях у Беларусі, калі Беларусь дазволіць зноў скарыстаць сваю тэрыторыю для новага нападу», — такую прапанову зрабіў былы намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн падчас дыскусіі пра візыт у Вашынгтон прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, арганізаваную амэрыканскім дасьледчым цэнтрам Atlantic Council 22 сьнежня.

Падчас дыскусіі Стывэн Гэдлі, былы дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы, падкрэсьліў: Злучаныя Штаты павінны зыходзіць з таго, што Пуцін паспрабуе арганізаваць новы наступ на Кіеў з тэрыторыі Беларусі.

«Калі мы будзем бачыць, што рыхтуецца такое ўварваньне, навошта чакаць, калі яно пачнецца?» — запытаў Гэдлі. Ён заклікаў як мага хутчэй перадаць Украіне зброю, боепрыпасы і іншыя матэрыялы, патрэбныя, каб супрацьстаяць такому ўварваньню.

Стывэн Гэдлі, архіўнае фота

Генэрал Філіп Брыдлаў, былы камандуючы войскамі NATO, адзначыў, што змагацца з уварваньнем нашмат складаней, калі значная частка вашай тэрыторыі захопленая праціўнікам.

Паводле яго трэба даць украінцам магчымасьць наносіць удары па расейскіх лініях забесьпячэньня і групоўках войскаў да таго, як яны трапяць на лінію фронту, і да таго, як яны прыйдуць на тэрыторыю Ўкраіны.

Генэрал Філіп Брыдлаў, архіўнае фота

Былы намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн заклікаў паставіць Украіне далёкасяжную зброю, у тым ліку армейскія тактычныя ракетныя сыстэмы. Ён сказаў пра неабходнасьць дыялёгу паміж ЗША і Ўкраінай пра тое, па якіх цэлях наносіць удары гэтай зброяй. Паводле яго, гаворка мае ісьці ў тым ліку і пра цэлі на тэрыторыі Расеі.

«Як мінімум ЗША павінны ўхваліць і падтрымаць украінскія атакі па ваенных цэлях у Беларусі, калі Беларусь дазволіць зноў скарыстаць сваю тэрыторыю для новага нападу», — заявіў Бігэн. Ён дадаў, што нават калі з палітычных прычын устрымацца ад удараў па тэрыторыі Расеі, украінцы павінны мець магчымасьці наносіць удары на расейскіх фармаваньнях на тэрыторыі Беларусі.

Стывэн Бігэн, архіўнае фота

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна верне сабе Крым да канца лета». Што казалі ўдзельнікі дыскусіі Atlantic Council пра хаду вайны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы павінны перамагчы Расею на полі бітвы, якую немагчыма замарозіць або адкласьці», — Уладзімір Зяленскі ў Кангрэсе ЗША