Беларускі вайсковец у адстаўцы стаў фігурантам крымінальнай справы аб «здрадзе дзяржаве». Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Крымінальную справу паводле артыкулу 356 КК распачалі ў дачыненьні Дзьмітрыя Гуліна, піша «Берасьцейская вясна».
Сюжэт пра яго паказала дзяржаўная ТРК «Брэст». Паведамляецца, што да 2012 году мужчына служыў ва Ўзброеных сілах. Пасьля адстаўкі афіцэр жыў і працаваў у Ташкенце.
Пасьля 2020 году, паводле вэрсіі ўладаў, Гулін нібыта «стаў агентам украінскіх спэцслужбаў», за што яго затрымалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Беларусь ня спыніць падтрымку Расеі ў вайне супраць Украіны, але свайго войска не накіруеУ відэа, паказаным на дзяржаўным тэлеканале, Дзьмітрыя, пэўна, прымусілі сказаць, што ўкраінцаў цікавіла разьмяшчэньне расейскіх частак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, тое, чым яны займаюцца і адкуль робяць запускі ракет.
Гуліну выставілі абвінавачваньні паводле артыкулу 356 КК (здрада дзяржаве), вынікае з роліка.
Рэжым Лукашэнкі зь першых дзён поўнамаштабнай вайны заняў бок Расеі, прадаставіў яе войскам палігоны для трэнаваньняў, пазыцыі для дысьлякацыі. Расейцы лячыліся ў беларускіх шпіталях і запускалі зь беларускай тэрыторыі ракеты. За фатаздымкі расейскай вайсковай тэхнікі і антываенныя выказваньні масава затрымліваюць і катуюць беларускіх грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Баранавічы прыбыў эшалён з расейскай тэхнікай і войскамі