«Хлопчыкі — тэхнары, дзяўчаты — гуманітарыі». Праект Women in Tech зрабіў даследаваньне пра «жаночыя» стэрэатыпы ў IT

Ілюстрацыйнае фота.

Чаму мужчыны ў IT пераважна праграмісты, а жанчыны пераважна тэставальніцы? Ці таму, што па сваёй прыродзе мужчыны лепей пішуць праграмы, а жанчыны лепей правяраюць праграмы, зробленыя ня імі? Ці таму, што існуюць стэрэатыпы пра жаночыя здольнасьці ў IT, якія не даюць магчымасьці рэалізавацца?

«У нашай кампаніі жанчын каля 20%. Хлопцы ў асноўным праграмісты, жанчыны пераважна тэставальніцы. Пры праверцы працы праграмнага забесьпячэньня жанчыны больш пунктуальныя, уедлівыя і сыстэматычныя, чым мужчыны. Сярод тэставальнікаў жанчын болей. А вось у бізнэс-аналітыцы мужчын і жанчын — 50 на 50». Так у 2019 годзе ў інтэрвію Свабодзе пракамэнтаваў гендэрны склад IT-кампаніі Andersen яе заснавальнік і кіраўнік Аляксандар Хоміч.

Праект Women in Tech правёў дасьледаваньне «Беларускі на шляху ў IT: міты, страхі, перашкоды», каб высьветліць, чаму ў беларускім IT мала жанчын.

Дасьледаваньне праводзілася ў фармаце онлайн-апытаньня. У ім узялі ўдзел 233 беларускі. Рэспандэнткам пераважна 25–45 гадоў, большасьць вырасьлі ў буйных гарадах і ў сталіцах. Праект Women in Tech рэалізуецца Цэнтрам гендэрных дасьледаваньняў ЭГУ пры фінансавай падтрымцы ЭЗ.


Праект Women in Tech стартаваў сёлета ў жніўні для падтрымкі жанчын у IT і шмат у чым — як рэакцыя на відавочны гендэрны дысбалянс у індустрыі. Ужо на старце стваральнікі праекту распачалі дасьледаваньне, галоўнай задачай якога было высьветліць, чаму жанчыны, якія праяўляюць цікавасьць да тэхнічных дысцыплін, не адважваюцца адкрыць для сябе гэтую сфэру. Гэта першы этап вялікага дасьледаваньня, праведзенага Марынай Ментусавай у рамках праграмы Women in Tech і гендэрнай магістратуры ЭГУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На першую праграму запісаліся 500 чалавек». Расказваем аб праекце, які дапамагае жанчынам увайсьці ў ІТ

Перашкоды на шляху да кар’еры ў ІТ. Асноўныя высновы дасьледаваньня

  • Грамадзкія стэрэатыпы пра жанчын перашкаджаюць ім станавіцца праграмістамі і інжынэрамі, 95% рэспандэнтак сутыкаліся зь перадузятым стаўленьнем да жаночых здольнасьцяў. Найбольш распаўсюджаныя стэрэатыпы, зь якімі сустракаліся ўдзельніцы апытаньня: «Хлопчыкі — тэхнары, дзяўчаты — гуманітарыі» (57%), «Дзяўчаты ўсё роўна замуж выйдуць» (56%), «Для гэтага патрэбен мужчынскі склад розуму» (38%), «Матэматыка/інфарматыка/фізыка — не для дзяўчат» (37%), «Не жаночага розуму справа» (35%).
  • З прычыны стэрэатыпаў жанчыны менш вераць у сябе, радзей спрабуюць нешта новае. 45% апытаных заявілі, што няўпэўненасьць у сабе перашкаджае ім цяпер пайсьці вучыцца па IT-спэцыяльнасьці. На пытаньне, якія бар’еры жанчыны бачаць для сябе ў выбары IT-спэцыяльнасьці, 74% рэспандэнтак адказалі, што ім перашкаджае высокая канкурэнцыя ў асяродзьдзі, а 18% назвалі сфэру IT «агрэсіўнай».
  • Высокі кошт навучаньня і эйджызм — самыя частыя барʼеры ў разьвіцьці жаночай карʼеры. Удзельніцы дасьледаваньня пісалі: «Баюся, што позна пачынаць, мне 33», «Ня ўпэўнена, што буду запатрабаваная на рынку працы ў 40». 55% дзяўчат маюць матэрыяльныя цяжкасьці і ня могуць дазволіць сабе аплату навучаньня.
  • Жанчыны баяцца, што пры пабудове карʼеры ў IT ім давядзецца выбіраць паміж працай і сямʼёй/мацярынствам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некалькі гадоў была адной дзяўчынай на паверсе». Беларуска стала найлепшай інжынэркай-распрацоўніцай году

Дасьледчыца: «Стэрэатыпы робяць жанчын бяднейшымі»

Марыя Ментусава

Аўтарка дасьледаваньня Марына Ментусава перакананая, што стэрэатыпы робяць жанчын бяднейшымі.

— Калі працадаўца верыць стэрэатыпам наконт жаночага і мужчынскага прызначэньня, то і аплата працы мужчыны будзе вышэйшая, бо яму трэба «ўтрымліваць сямʼю». Калі жанчына верыць, што яна горш за мужчыну спраўляецца з тэхнічнай працай, то і разьлічваць на роўную з мужчынам зарплату яна ня будзе (у сярэднім жанчыны атрымліваюць на 30% менш, чым мужчыны). Гэта і спрыяе таму, што жанчыны ў цэлым бяднейшыя за мужчын, а значыць, і сродкі на навучаньне ім атрымаць цяжэй.

Дасьледчыцу трывожыць адукацыйная няроўнасьць, асабліва ў тэхнічных дысцыплінах.

— Гэта цяпер ледзь ня самыя пэрспэктыўныя і высокааплатныя сфэры, дзе першапачаткова працавала шмат жанчын, але з часам іх пазыцыі занялі мужчыны. Хоць заканадаўствам Беларусі прадугледжана забесьпячэньне базавага права чалавека на якасную адукацыю, у рэальнасьці мы ўвесь час сустракаемся з дыскрымінацыяй па палавой прыкмеце.

І гэта, паводле Марыны Ментусавай, зьвязана з тым, што, пачынаючы са школьнай лавы, дзяўчат рыхтуюць да традыцыйных жаночых роляў.

— У найлепшым выпадку іх падштурхоўваюць да выбару гуманітарных, традыцыйна жаночых прафэсій, у горшым — паказваюць на інтэлектуальную перавагу мужчын і намякаюць на мітычнае «жаночае прызначэньне» ахоўваць сямейны агмень і нараджаць дзяцей. Гэтыя бяскрыўдныя на першы погляд фразы робяць сурʼёзны ўплыў на псыхалёгію дзяўчат і падрываюць іх упэўненасьць у сабе, што прыводзіць да самаабмежаваньняў, разьвіцьця ўнутраных страхаў і сындрому самазванкі... Хоць фармальна ў індустрыі ўжо няма штучных абмежаваньняў для жанчын пры найманьні на працу і ў карʼерным руху, тым ня менш закладзеныя яшчэ ў дзяцінстве і замацаваныя ў грамадзтве стэрэатыпы наконт жаночых кагнітыўных здольнасьцяў і магчымасьцяў разьвіцьця не ўва ўсіх прафэсійных галінах прыводзяць да няўпэўненасьці і боязі жанчын перад тэхнічнымі спэцыяльнасьцямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У заробках у беларускім ІТ зафіксавалі гендэрны дысбалянс

«Жанчыны самі вінаватыя». Чаму гэта ня так

Альміра Ўсманава

Прафэсарка Альміра Ўсманава, дырэктарка магістарскай праграмы Цэнтру гендэрных дасьледаваньняў ЭГУ, адзначае, што гэтыя лічбы — красамоўны адказ на крытыку з боку тых, хто мяркуе, што праблемы гендэрнай няроўнасьці ў нашым грамадзтве не актуальныя, а жанчыны самі вінаватыя ў тым, што ня маюць дастатковай матывацыі да разьвіцьця сваёй карʼеры ў IT.

— Для нас як гендэрных дасьледчыц гэта важны аргумэнт на карысьць неабходнасьці ствараць магчымасьці для прафэсійнай самарэалізацыі жанчын у тэхнічных галінах (праект Women in Tech) і стымул для далейшых дасьледаваньняў, накіраваных на пошук шляхоў і спосабаў вырашэньня гэтых праблем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Званарка, ультрамаратонка, мядовая самэлье: жанчыны, якія руйнуюць стэрэатыпы. ФОТА

Як можна пераадолець стэрэатыпы

На думку ўдзельніц дасьледаваньня, гэта можна зрабіць з дапамогай мэнтарскіх і стыпэндыяльных праграм, адукацыйных магчымасьцяў выключна для жанчын, а таксама з дапамогай зьяўленьня ў публічнай сфэры жаночых гісторый посьпеху ў IT, якія будуць разбураць унутраныя страхі і натхняць на дзеяньні.

Жанчыны ў беларускім IT. Толькі лічбы

  • У 2020 годзе, у сувязі з пандэміяй, прадстаўніцтва жанчын у галіне IT у Беларусі вырасла на 3,2 працэнта. Жанчыны склалі 27,4% ІТ-спэцыялістаў (кожны чацьвёрты спэцыяліст — жанчына); 13,8% распрацоўшчыкаў. Пазыцыі жанчын узмацніліся ня толькі ў сумежных спэцыяльнасьцях, але і ў тэхнічных.
  • Для параўнаньня: доля жанчын у беларускай IT-індустрыі ў 2010 годзе складала 7,5 працэнта, у 2015 — 20,3 працэнта, у 2018 — 25,4 працэнта. А ў 2021 годзе доля жанчын у беларускай ІТ-індустрыі склала 26.5%.
  • Як адзначаюць экспэрты ў аналізе за мінулы год, пасьля плаўнага росту на доўгім адрэзку доля жанчын у галіне ў 2021 годзе зьнізілася. Зь іншага боку, калі ў 2010–2012 гг. жанчыны і мужчыны, якія аддавалі перавагу выбару IT-прафэсій, суадносіліся як 1 да 10, то цяпер як 1 да 3.
  • Як адзначаюць экспэрты, спад удзелу жанчын у ІТ — гэта адзін зь першых вынікаў стагнацыі рынку працы і скарачэньняў сумежных спэцыяльнасьцяў. У 2022 годзе, пры навінах аб поўным спыненьні рэкрутынгу, маркетынгу і іншых напрамкаў у шматлікіх кампаніях, мы павінны ўбачыць нашмат больш істотны адскок у мінулае, прагназуюць экспэрты.
  • Жанчыны складаюць больш за палову ад колькасьці аналітыкаў другі год запар (каля 57%). Сярод HR-мэнэджараў жанчын 90%, сярод дызайнэраў — 54%. Прафэсіі бізнэс-аналітыкаў і тэставальнікаў — самыя гендэрна збалянсаваныя прафэсіі, доля мужчын і жанчын у іх практычна аднолькавая. Сярод кіраўнікоў і распрацоўшчыкаў жанчын вельмі мала, каля 9%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітвязынка», «Бачная», «Яе экспэртыза». Расказваем пра найважнейшыя жаночыя праекты 2022 году