У Вільні разьвіталіся са старшынём Беларускага Хэльсынскага камітэту Алегам Гулаком. Фота
Алег Гулак памёр ва ўзросьце 55 гадоў у Вільні, дзе жыў ад пачатку вайны ва Ўкраіне. Прычынай сьмерці сталі праблемы з сэрцам. На цырымоніі разьвітаньня, якая прайшла ў форме грамадзянскай паніхіды, прысутнічалі некалькі соцень чалавек – родныя і блізкія Алега Гулака, праваабаронцы, журналісты і іншыя.
Пахаваюць Алега Гулака ў Беларусі, на яго радзіме ў пасёлку Жылічы пад Бабруйскам, дзе старшыня БХК меў сядзібу.
Цырымонію разьвітаньня са старшынём БХК таксама наведала Сьвятлана Ціханоўская і Валер Кавалеўскі. Зьлева - дачка Алега Гулака Дамініка.
Алег Гулак нарадзіўся 1 верасьня 1967 году ў пасёлку Жылічы на Магілёўшчыне ў беларуска-ўкраінскай сям’і сельскіх настаўнікаў. Скончыў Жыліцкую сярэднюю школу, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт у спэцыяльнасьці «правазнаўства».
З 1996 году ў Беларускім Хэльсынскім камітэце: браў удзел у стварэньні пінскай суполкі, з 1997 году юрыст, затым выканаўчы дырэктар, з 2007 году намесьнік старшыні, з 2008 году старшыня.
З 1990 па 1996 год ён працаваў юрысконсультам шэрагу арганізацыяў (сярод іншых – завод «Камэртон» у Пінску).
Як грамадзкі абаронца Гулак удзельнічаў у дзясятках судовых справаў, грамадзкіх дзеяньняў дзеля абароны людзей, якія сталі ахвярамі парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.