Учорашні візыт у Беларусь прэзыдэнта Расеі — першы з 2019 году. Навошта Пуціну быў гэты візыт? Што было сказана Лукашэнкам і Пуціным і што, магчыма, засталося за кадрам?
Іх сустрэчу аналізуюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч
- Ня спраўдзіліся алярмісцкія прагнозы, што на гэтай сустрэчы будуць прынятыя нейкія кардынальныя рашэньні. Гэты візыт быў пэўнай дэманстрацыяй моцы і шчыльнасьці хаўрусу, жэст у адрас Лукашэнкі, які застаўся фактычна адзіным саюзьнікам Расеі.
- Дзіўная рэч: Лукашэнка і Пуцін падчас гэтай сустрэчы гаварылі пра космас, пра эканоміку, нават пра футбол, але амаль нічога — пра вайну.
- Для Лукашэнкі сувэрэнітэт — гэта вельмі балючая тэма. Шмат палітыкаў і экспэртаў адзначаюць, што Беларусь страчвае сувэрэнітэт, што расейскія войскі ў Беларусі робяць усё, што хочуць. Павал Латушка гаворыць, што Беларусь акупаваная Расеяй. І гэта чуюць беларускія чыноўнікі. І яны задумваюцца: можа, час і гаспадара мяняць? Калі Лукашэнку даводзіцца даказваць, што сувэрэнітэт захоўваецца, гэта вельмі паказальна.
- Сёньня для Пуціна сапраўды няма ніякай мэтазгоднасьці юрыдычнага далучэньня Беларусі да Расеі. Ён робіць стаўку на паступовае пазбаўленьне Беларусі сувэрэнітэту. Гэтыя працэсы ідуць, асабліва яны паскорыліся з пачаткам вайны. Для Расеі ўсё ідзе добра ў гэтым пытаньні, навошта ж Пуціну рабіць рэзкія крокі?
- Я думаю, што гаворка была пра больш актыўны ўдзел Беларусі ў вайне. Неабавязкова пра непасрэдны ўдзел беларускага войска.
Цыганкоў
- І ў заявах падчас сустрэчы, і на прэсавай канфэрэнцыі вайна як бы адсутнічала. І гэта было кантрастам з агрэсіўнымі і ваяўнічымі заявамі Сяргея Лаўрова. Мы жывём у дзіўны час, калі дыпляматы, у прыватнасьці расейскія, хіба ня больш ваяўнічыя, чым вайскоўцы і прапагандысты.
- Была падкрэсьлена, што асноўнай тэмай перамоваў была эканоміка. Дарэчы, даволі камічна, калі Лукашэнка і Пуцін ганарацца ростам таваразвароту, што ён дасягне 40 мільярдаў даляраў. Але ён складаў 43 мільярды даляраў у 2012 годзе, 10 гадоў таму.
- Часам ня трэба будаваць ніякіх кансьпіралягічных тэорыяў, трэба проста ўважліва слухаць, што яны гавораць. Пуцін: «У Расеі няма зацікаўленасьці кагосьці паглынаць. Проста няма мэтазгоднасьці ў гэтым». Лукашэнка: «Мы ня ў стане самі забясьпечыць і абараніць сваю незалежнасьць. Навошта нас паглынаць? Мы ва ўсім ідзём насустрач Расеі, у любых пытаньнях».
- Не выключаю, што самае сур’ёзнае абмеркаваньне адбывалася за кадрам, непублічна. Хаця мы кожны раз, абмяркоўваючы сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, чакаем ад іх вынікаў нечага кардынальнага. А яно ўсё не здараецца.