Паводле расьсьледаваньня, пасьля ўвядзеньня санкцый у сакавіку пастаўкі беларускай драўніны па фальшывых дакумэнтах ідуць праз Казахстан і Кіргізстан. У выніку такой схемы экспарт драўніны з Казахстану ў ЭЗ павялічыўся ў 74 разы, а з Кіргізстану — прыблізна ў 18 тысяч разоў.
Расьсьледаваньне сьцьвярджае, што кіргіскія фірмы «зь беларускімі каранямі» проста прапануюць пастаўляць падсанкцыйную прадукцыю па фальшывых дакумэнтах. Беларускаму расьсьледніцкаму цэнтру стала вядома пра тры такія кампаніі: «Агро Кейджы», «СК Гранд» і «Адміт».
У ЭЗ асноўнымі пакупнікамі беларускай драўніны ў абыход санкцый, паводле зьвестак расьсьледавальнікаў, былі Польшча, Літва, Латвія, Нямеччына і Нідэрлянды.
Да ўвядзеньня абмежаваньняў Польшча купляла драўніну зь Беларусі праз кампанію «БЛК Трэйдынг» («Беларуская лясная кампанія»). Яна мае польскую рэгістрацыю, але беларускага ўладальніка — дзяржаўнае прадпрыемства дрэваапрацоўкі «Мастоўдрэў». Пастаўшчыкамі «БЛК Трэйдынг» былі дзевяць беларускіх вытворцаў, а ў кліентах кампаніі значылася IKEA. Цяпер «БЛК Трэйдынг», як высьветлілі расьсьледавальнікі, распрадае рэшткі беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі, увезенай да санкцый, і ўжо наладзіла пастаўкі з Казахстану.
Паводле падлікаў цэнтру, схемы ўскоснага рээкспарту беларускай драўніны ў ЭЗ праз Кіргізстан і Казахстан прынесьлі іх арганізатарам каля 30 мільёнаў эўра. Гэтым бізнэсам займаюцца і былыя беларускія чыноўнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям’я Дзьмітрыя Лукашэнкі замяшаная ў афэры на суму каля 200 млн даляраў, — Беларускі расьсьледніцкі цэнтар