Пяскоў пракамэнтаваў шматлікія меркаваньні аб тым, што візыт Уладзіміра Пуціна ў Менск нібыта зьвязаны з жаданьнем Расеі ўцягнуць Беларусь у вайну ва Ўкраіне.
«Ставіцца да гэтага (трэба) як да абсалютна дурных выдумак. Беспадстаўных выдумак. Уласна, характар нашых адносін… Беларусь зьяўляецца саюзьнікам і партнэрам нумар адзін для Расейскай Фэдэрацыі. Менавіта зь Беларусьсю ў нас найбольш прасунуты рэжым інтэграцыі. Таму ніхто нікога не прымушае. Усё робяць такія крокі, якія, зноў жа, найлепшым чынам адпавядаюць а) інтарэсам нашых народаў і б) інтарэсам нашай саюзнай дзяржавы», — цытуе Дзьмітрыя Пяскова БелТА.
Прэс-сакратару прэзыдэнта Расеі таксама задалі пытаньне, ці не захіліць падчас перамоваў ваенная праблематыка ўсё астатняе. У сувязі з гэтым Пяскоў сказаў, што, акрамя прадстаўнікоў вайсковай часткі расейскай дэлегацыі, у ліку якіх і міністар абароны Сяргей Шайгу, большая частка чыноўнікаў, якія прыехалі ў Беларусь, адносіцца да «мірнай іпастасі».
«Адносіны сапраўды настолькі разгорнутыя, шматбаковыя. І сёньня якраз прадставіцца магчымасьць такую добрую рэвізію правесьці, зьверыць гадзіньнікі і па саюзных праграмах інтэграцыйных, і па найбольш актуальных пытаньнях гандлёва-эканамічнага парадку дня. Ну і, вядома, пагаварыць аб вайсковых аспэктах, улічваючы зусім не спакойнае і турбулентнае асяродзьдзе вакол нас. І абмяняцца думкамі аб рэгіянальных і міжнародных праблемах», — падкрэсьліў Дзьмітрый Пяскоў.
Паводле яго, на парадку дня перамоваў ёсьць і шэраг бягучых пытаньняў, у тым ліку газавае.
«Прэзыдэнт Лукашэнка літаральна на мінулым тыдні выступіў з крытыкай у гэтым пляне. Ён сказаў, што мы спазьняемся ў стварэньні адзінага газавага рынку. Тут ёсьць пэўныя нюансы, якія, вядома ж, таксама будуць на парадку дня», — расказаў прэс-сакратар.
Дзьмітрый Пяскоў таксама адзначыў, што, хоць Уладзімір Пуцін і не рабіў візытаў у Менск даволі працяглы час, у першую чаргу з прычыны пандэміі, гэта не прывяло да паўзы ў двухбаковых адносінах на найвышэйшым узроўні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскае камандаваньне: На сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі будзе абмяркоўвацца прыцягненьне беларускай арміі да апэрацыі на сушыЯк паведаміла раней прэс-служба Лукашэнкі, Пуцін наведае Менск 19 сьнежня. Гэта будзе першы за тры з паловай гады ягоны візыт у Беларусь.
На гэты момант вядома, што ў Менск ужо прыбыў расейскі міністар абароны Сяргей Шайгу. Пра гэта паведамляюць расейскія мэдыя з спасылкай на памочніка міністра абароны Беларусі ў пытаньнях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Валерыя Равенкі. Таксама ў сталіцу Беларусі прыляцеў расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, ён плянуе сустрэцца са сваім беларускім калегам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі завяршылася раптоўная праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл