- BIRN — гэта сетка няўрадавых арганізацыяў, які папулярызуюць свабоду слова, правы чалавека, дэмакратычныя каштоўнасьці ў Паўднёвай і Ўсходняй Эўропе.
Пра новае расьсьледаваньне аб шляху мігрантаў у Эўразьвяз піша польская Gazeta Wyborcza.
Супрацоўнікі Балканскай сеткі расьсьледаваньняў распыталі пра новую трасу 35-гадовага грамадзяніна Сырыі, імя якога пазначылі літарай С.. Больш за месяц ён чакае ў гатэлі ў Менску, калі зможа працягнуць свой шлях у Эўразьвяз. У Менск ён трапіў праз Маскву: двума самалётамі і пяцьцю аўтамабілямі. Ад таго моманту ён чакае сувязі са сваім правадніком. Разам зь ім у гатэльным пакоі яшчэ 9 чалавек.
У канцы кастрычніка мужчына атрымаў на адзін месяц расейскую турыстычную візу, якая дазваляе адзін раз уехаць у РФ. У першыя дні лістапада ён ужо быў у маскоўскім аэрапорце Дамадзедава, куды прыляцеў з ірацкага Ідлібу праз Дубай. У Маскве ён скантактаваўся з кантрабандыстам, які паабяцаў, што завязе яго ў Нямеччыну.
«С. адзін з тысяч мігрантаў, якія сёлета спрабавалі трапіць у ЭЗ новым варыянтам трасы, якую Frontex (Эўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы) называе „ўсходнім сухапутным маршрутам“, што вядзе праз Маскву ў бок мяжы Беларусі і ЭЗ. 90% мігрантаў на польскай мяжы маюць расейскую візу», — піша Gazeta Wyborcza.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэйм Польшчы прызнаў Расею дзяржавай-спонсарам тэрарызмуПасьля таго, як па просьбе Брусэлю авіялініі шэрагу краін абмежавалі ў канцы мінулага году рэйсы ў Менск, колькасьць спробаў перасекчы польска-беларускую мяжу зьменшылася з максымальнага ўзроўню ў 17 тысяч у кастрычніку 2021 году да 1 тысячы ў зімовыя месяцы мінулага году.
Раней большасьць мігрантаў мелі ў пашпартах беларускія візы. Але, пачынаючы ад лета гэтага году, польскія актывісты, якія дапамагаюць на мяжы ўцекачам, фіксуюць у іх пераважна расейскія візы.
На падставе размоваў зь мігрантамі, супрацоўнікамі турагенцтваў, якія прапануюць расейскія візы, і кантрабандыстамі, якія перавозяць мігрантаў з Масквы да мяжы з ЭЗ, а таксама прад’яўленых імі дакумэнтаў і апублікаваных у інтэрнэце аб’яваў турагенцтваў і кантрабандыстаў, BIRN упершыню апісаў функцыянаваньне новага варыянту ўсходняга шляху.
Даехаўшы да Масквы, С. чакаў два дні, пакуль кантрабандыст прыслаў машыну, каб даставіць яго ў Беларусь. Каб дабрацца групе да Менску, спатрэбілася каля 12 гадзін. Па дарозе яны чатыры разы мянялі машыны.
Паводле сырыйца, за ім ужо дзьве спробы трапіць у Польшчу. Папярэднім разам, пасьля трох дзён у лесе і сну пад сьнегам, яны нарэшце дабраліся да загароды на беларускай мяжы.
— Беларусы злавілі нас, пабілі, забралі ўсё, што ў нас было, грошы і асабістыя рэчы, — апісвае С. сваю другую спробу трапіць у Польшчу. — Гэта вельмі складаны шлях. Мы называем яго дарогай сьмерці, бо сапраўды бачылі там сьмерць вельмі блізка.
Цяпер мужчына зьбіраецца спрабаваць трапіць у Польшчу трэці раз і чакае ў менскім гатэлі званка ад правадніка.
Турагенцтвы, якія прапануюць візы ў Расею, шырока рэклямуюцца ў Facebook, арыентуючыся на іракцаў і іншых жыхароў Блізкага Ўсходу. Адны проста прадаюць візы, а іншыя робяць гэта пад шыльдай «лячэньня ў Расеі». А некаторыя проста разьмяшчаюць фатаздымкі кліентаў, якія змаглі дабрацца да маскоўскіх аэрапортаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэнтар беларускай салідарнасьці: у Польшчы плянуюць пашырыць падставы для атрыманьня гуманітарных візаўПадчас тэлефоннай размовы з двума незалежнымі турагентамі, якія працуюць у Іраку, карэспандэнт BIRN прадставіўся мігрантам, якому патрэбна расейская віза. Яму прапанавалі аднолькавыя пакеты: па 2,5-3 тысячы даляраў за расейскую візу. Зрабіць яе абяцалі цягам месяца пасьля падачы пашпартных зьвестак. Малодшыя мігранты могуць разьлічваць на студэнцкую візу, старэйшыя — на турыстычную.
Для кожнага тыпу візы патрэбна запрашэньне або ліст ад спонсара з Расеі — ад унівэрсытэту ў выпадку студэнта або ад боку, які прымае, у выпадку турыста.
Мігранты самі купляюць квіткі на самалёт — цяпер можна ляцяць зь Іраку праз Дубай, але ў турагенцтве абяцаюць, што ў аэрапорце іх сустрэне расеец і перадасьць запрашэньне, безь якога візы ім не дадуць.
З допісаў турфірмы ў сацсетках відаць, што ў запрашэньнях для многіх мігрантаў, каму турфірма афармляе візы, выступае адзін і той жа грамадзянін Расеі.
Перад вылетам мігрант перадае грошы даверанай асобе або ў дамоўлены пункт абмену валюты, а турфірма забірае іх, калі атрымлівае пацьвярджэньне, што мігрант ужо знаходзіцца ў аэрапорце Расеі.
Цалкам падарожжа з Іраку ў Нямеччыну каштуе 6 тысяч даляраў. З Масквы яно вядзе ў Беларусь. Шлях праз Калінінград больш складаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча абяцае беларусам палепшыць працу візавых цэнтраў. Што зьменіцца— У Калінінградзе ёсьць месцы, куды забаронена ўваходзіць, і калі нехта апынецца там па памылцы, то расеец, які аформіў яму візу, будзе пакараны, — кажа адзін зь мігрантаў, які сьцьвярджае, што асабіста правяраў шлях праз Калінінград. Больш складаная і патрабавальная дарога праз расейска-фінскую мяжу. Таму амаль усе аддаюць перавагу «беларускаму» шляху.
Паводле Балканскай расьсьледніцкай сеткі, кіраўнік групы кантрабандыстаў дыстанцыйна кіруе мясцовымі кіроўцамі і кантрабандыстамі з Расеі і Беларусі са сваёй сядзібы на Блізкім Усходзе. Адзінае, чаго ня могуць гарантаваць мігрантам кантрабандысты, гэта тое, што ўдасца перайсьці беларуска-польскую мяжу.
Уздоўж мяжы праходзіць сьцяна даўжынёй амаль 200 кілямэтраў і вышынёй 5,5 мэтра, абсталяваная датчыкамі руху і камэрамі. Апошнія паўтара года памежная служба Польшчы сыстэматычна выцясьняе мігрантаў, затрыманых пры перасячэньні мяжы, незалежна ад узросту, нацыянальнасьці і стану здароўя.
Але нават калі ім удасца дабрацца да Польшчы, мясцовая паліцыя ўсё роўна можа затрымаць іх па дарозе ў Нямеччыну і вярнуць назад у Беларусь.
Супрацоўнікі BIRN лічаць, што на беларуска-польскай мяжы памерла ўжо сама меней 30 мігрантаў. Паводле няўрадавых арганізацый, каля 200 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак.
Нягледзячы на ўсе гэтыя рызыкі, многія ўсё роўна выпраўляюцца ў небясьпечнае падарожжа. Сёлета ў кастрычніку і лістападзе памежная служба Польшчы фіксавала больш за 2 тысячы спробаў перасячэньня польска-беларускай мяжы на месяц.
У сьнежні іх было менш. За дзень зь Беларусі спрабуюць выбрацца каля 50 чалавек. Часьцей за ўсё яны перасякаюць ледзяныя памежныя рэкі: Сьвіслач, Перавалоку або Лясную, яны ідуць праз балоты і затокі, дзе няма памежнай агароджы.