Сытуацыя, калі дзеці мігрантаў зь Беларусі ня маюць магчымасьці наведваць заняткі для нацыянальнай меншасьці па беларускай мове ў школах Падляшша ў Польшчы, зьяўляецца абсурднай, заявіў BPN дэпутат польскага Сэйму, старшыня парлямэнцкай групы ў справах Беларусі Робэрт Тышкевіч.
У студзені, паводле яго, заплянавана кансультацыйная сустрэча па гэтым пытаньні.
«Гэта абсурдна, што дзеці беларускіх уцекачоў ня могуць вучыцца беларускай мове разам зь беларускай меншасьцю, — падкрэсьліў палітык. — З кожнага пункту гледжаньня: супольнага, беларускага, польскага — гэта пазбаўлена сэнсу».
Тышкевіч падкрэсьліў, што для доступу дзяцей мігрантаў да заняткаў «патрэбныя зьмены ў заканадаўстве»: «Будзем іх уносіць. Для гэтага дастаткова паразуменьня і добрай волі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У школах усе дзеці і настаўнікі ходзяць басанож, а зімой у цёплых шкарпэтках». Як беларусы вучацца ў эўрапейскіх школахУ верасьні беларуская дыяспара Беластоку распачала збор подпісаў у падтрымку арганізацыі заняткаў для дзяцей беларускіх грамадзян. Адказ ад мясцовых уладаў на калектыўны зварот атрыманы 13 сьнежня.
У ім гаворыцца, што «прэзыдэнт Беластоку разумее патрэбу падтрыманьня культурнай і моўнай тоеснасьці беларусаў, якія жывуць у Беластоку, а менавіта ў арганізацыі навучаньня беларускай мове».
Удакладняецца, што на адпаведнай кансультацыйнай сустрэчы 13 студзеня будуць прысутнічаць прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, урадавай адміністрацыі ваяводзтва і дэпартамэнту адукацыі Беластоку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску засталася ўсяго адна прыватная школа. Расказваем, чаму яе не закрылі