Кіраўнікі Азэрбайджану, Грузіі, Румыніі і Вугоршчыны 17 сьнежня на сустрэчы ў Бухарэсьце падпісалі пагадненьне аб пракладаньні падводнага электракабэлю па дне Чорнага мора для забесьпячэньня Эўропы азэрбайджанскай энэргіяй.
Прэзыдэнт Румыніі Клаўс Ёханіс назваў праект «важным» і «амбіцыйным».
Кабэль працягласьцю амаль 1200 кілямэтраў будзе перадаваць электраэнэргію з Азэрбайджану і Грузіі ў Румынію і Вугоршчыну. Праект плянуюць рэалізаваць на працягу 6 гадоў.
Прэзыдэнт Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен прысутнічала на падпісаньні і заявіла, што ЭЗ гатовы аказаць фінансавую падтрымку праекту пасьля яго тэхніка-эканамічнага абгрунтаваньня. Яна сказала, што кабэль «дапаможа ўмацаваць бясьпеку паставак».
Ёханіс падкрэсьліў, што праект уяўляе сабой важны крок ва ўмацаваньні эўрапейскай энэргетычнай бясьпекі і наладжваньні супрацоўніцтва ў Чарнаморскім рэгіёне.
«Улічваючы цяперашні кантэкст бясьпекі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, мы павінны лепш супрацоўнічаць і праяўляць больш салідарнасьці для вырашэньня бягучых праблем», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз распрацуе плян канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў на карысьць УкраіныФон дэр Ляен дадала, што праект «можа прынесьці значную карысьць Грузіі, краіне з эўрапейскім лёсам».
«Гэта можа ператварыць гэтую краіну ў электраэнэргетычны цэнтар і інтэграваць яе ў рынак электраэнэргіі ЭЗ», — сказала яна.
«Кабэль пад Чорным морам мог бы перадаваць электраэнэргію нашым суседзям у Малдове і на Заходніх Балканах і, вядома, ва Ўкраіну».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Financial Times: Эўропа стала менш купляць у Расеі трубаправоднага газу, але затое звадкаванага купіла на 42% большПрэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан, які мае самыя цёплыя адносіны з прэзыдэнтам Расеі Пуціным сярод лідэраў ЭЗ, высока ацаніў праект, адзначыўшы, што «часы імпарту таннай сыравіны з Расеі прайшлі».
«Мы хочам мець эканамічны рост і бясьпеку. Мы тут разам, таму што мы дамовіліся вызначыць новыя крыніцы энэргіі для Эўропы», — сказаў Орбан.
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў таксама вітаў ініцыятыву як «новы „мост“ з Азэрбайджану ў Эўропу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына наклала вэта ў ЭЗ на пакет дапамогі Ўкраіне