Навіны палітвязьняў: Алену Гнаўк адправілі ў ПКТ; прызначылі дату суду над акадэмікам Давыдзенкам

Алена Гнаўк

У Беларусі на 18 сьнежня налічваецца 1438 палітычных зьняволеных. Столькі дае праваабарончы цэнтар «Вясна». іншыя праваабарончыя ініцыятывы заяўляюць, што зьняволеных з палітычных прычын яшчэ больш.

Алену Гнаўк зьмясьцілі ў ПКТ

Палітзьняволеную жыхарку Пружанаў Алену Гнаўк яшчэ 15 жніўня перавялі ў папраўчую калёнію № 4. А цяпер стала вядома, што адміністрацыя калёніі нядаўна зьмясьціла жанчыну ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ) да 24 лютага. Акрамя гэтага, яе пазбавілі амаль усіх перадач, званкоў, спатканьняў і скарацілі атаварку з 3 базавых велічыняў да 1 (32 рублі), піша «Вясна».

17 чэрвеня палітзьняволеную асудзілі на 3,5 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і аштрафавалі на 3200 рублёў.

Алену прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу. Перад этапам у калёнію палітзьняволеную больш за паўтара месяца ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары баранавіцкага СІЗА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Берасьцейскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў вырак пэнсіянэрцы Алене Гнаўк

Суд над акадэмікам стартуе ў канцы году

Акадэміка-біёлага Алега Давыдзенку і яго жонку Натальлю пачнуць судзіць у канцы сьнежня. З канца кастрычніка ў Менску адбываліся масавыя затрыманьні ў Нацыянальнай акадэміі навук. 71-гадовага члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара біялягічных навук і яго жонку Натальлю Акцябрскую затрымалі раніцай 2 лістапада.

У залежнасьці ад ролі кожнага, іх вінавацяць па двух крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 368 (абраза Лукашэнкі). Іх справу будуць разглядаць 29 сьнежня ў судзе Савецкага раёна Менску. Працэс будзе весьці судзьдзя Алена Жуковіч.

Давыдзенка — аўтар 300 навуковых працаў, у тым ліку 5 манаграфіяў, 1 падручніка, ён вывеў 19 гатункаў расьлін і дасьледаваў геном карэннага насельніцтва Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледнік расьлін і геному беларусаў. Што вядома пра члена-карэспандэнта Акадэміі навук Давыдзенку, якога арыштавалі разам з жонкай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшлі блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, а таксама паэт Мікола Папека