Абаронны бюджэт пацыфісцкай Японіі стане трэцім у сьвеце

Японія абнародавала найбуйнейшы плян па нарошчваньні свайго ваеннага патэнцыялу з часоў Другой сусьветнай вайны, пасьля якой краіна прыняла «пацыфісцкую Канстытуцыю» паводле амэрыканскага праекту.

Японскі абаронны бюджэт стане трэцім у сьвеце — пасьля ЗША і Кітая, паведамляе Reuters.

У адпаведнасьці з плянам, абаронны бюджэт Японіі на наступныя пяць гадоў складзе 320 мільярдаў даляраў, што вышэй за 1% ад ВУП — мяжы, якая дзейнічала ў Японіі з 1976 году. На гэтыя сродкі краіна мае намер закупіць ракеты, ударныя і выведвальныя бесьпілётнікі, зьнішчальнікі-невідзімкі, верталёты, цяжкія транспартныя самалёты, падводныя лодкі і ваенныя караблі.

Паводле прэм’ер-міністра Японіі Фуміё Кісіды, нарошчваньне ваенных магутнасьцяў — гэта адказ на «розныя выклікі бясьпекі, зь якімі мы сутыкаемся».

Японскі ўрад непакоіцца, што Расея сваім нападам на Ўкраіну стварыла прэцэдэнт, які заахвоціць Кітай напасьці на Тайвань, а гэта будзе пагражаць бліжэйшым японскім астравам, парушыць пастаўкі паўправаднікоў і можа перакрыць маршруты нафтатанкераў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джо Байдэн заявіў, што ЗШA будуць абараняць Тайвань у выпадку кітайскай агрэсіі
  • Згодна з канстытуцыяй Японіі, краіна «на вечныя часы адмаўляецца ад вайны як сувэрэннага права нацыі, а таксама ад пагрозы або прымяненьня ўзброенай сілы як сродку вырашэньня міжнародных спрэчак». Таксама ў законе адзначана, што ў Японіі «ніколі надалей ня будуць стварацца сухапутныя, марскія і ваенна-паветраныя сілы, роўна як і іншыя сродкі вайны». Аднак пазьней трактоўку пашырылі, па сутнасьці разьвёўшы абарону і вайну. Цяпер у Японіі няма войска, але ёсьць Сілы самаабароны, і афіцыйна зброя закупляецца для абарончых мэтаў.
  • З прычыны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пачала сьпешна ўзбройвацца і Фінляндыя. У краіне адзначылі, што пасьля расейскага нападу на Ўкраіну «многія краіны адначасова паспрабавалі палепшыць сваю абараназдольнасьць».