На думку экспэртаў, «Крэмль імкнецца выкарыстоўваць Саюзную дзяржаву для ўстанаўленьня расейскага сюзэрэнітэту — кантролю — над Беларусьсю».
«Лукашэнка ўжо стварае інфармацыйны фон, каб адхіліць патрабаваньні Расеі па інтэграцыі, як ён рабіў на працягу дзесяцігодзьдзяў, — адзначаюць экспэрты. — Няясна, ці ўдасца Пуціну дабіцца жаданых саступак ад Лукашэнкі. Дасюль Лукашэнка ў значнай ступені супраціўляўся інтэграцыйным патрабаваньням Расеі і адмаўляўся пасылаць беларускія войскі на вайну Расеі супраць Украіны», — гаворыцца ў паведамленьні ISW.
Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны не выключаюць, што візыт Пуціна ў Менск можа быць падрыхтоўкай да «паўторнага нападу на поўнач Украіны ці наступу на Кіеў зімой 2023 году».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін упершыню за тры з паловай гады наведае Беларусь«ISW цяпер ацэньвае імавернасьць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну зь Беларусі як нізкую, але не выключае такой магчымасьці, — адзначылі аналітыкі. — Малаімаверна, што беларускія войскі ўварвуцца ва Ўкраіну без расейскай ударнай сілы. Далёка не відавочна, што Лукашэнка прыцягне беларускія сілы ваяваць ва Ўкраіне нават побач з расейскімі войскамі. Пакуль няма ніякіх прыкметаў таго, што расейскія войскі фармуюць ударную групоўку ў Беларусі».
Разам з тым сустрэча Пуціна і Лукашэнкі будзе часткай «расейскай інфармацыйнай апэрацыі», якая праводзіцца, каб «зламаць волю Ўкраіны і гатоўнасьць Захаду яе падтрымліваць», пераканаць украінцаў і жыхароў заходніх краін, што «Расея можа напасьці на Украіну зь Беларусі», адзначаецца ў справаздачы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Пуцін едзе ў Беларусь? Некалькі імаверных сцэнароў