Польшча надалей будзе прызнаваць беларускія дыплёмы аб адукацыі, нягледзячы на скасаваньне рэжымам Лукашэнкі адпаведнага беларуска-польскага пагадненьня аб узаемным прызнаньні дакумэнтаў аб вышэйшай адукацыі і ступеняў у навуцы і мастацтве.
Такой дамоўленасьці дасягнулі намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка і прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык падчас сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Міністэрства адукацыі і навукі, паўнамоцным прадстаўніком ураду Польшчы ў пытаньнях разьвіцьця і міжнародных адносінаў у галіне адукацыі і навукі Томашам Жымкоўскім і дырэктарамі дэпартамэнтаў Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы.
«Мы надалей будзем прызнаваць беларускія пасьведчаньні і дыплёмы. Для нас пагадненьне працягвае дзейнічаць», — сказаў Томаш Жымкоўскі на прапанову прадстаўнікоў Кабінэта праігнараваць рашэньне рэжыму Лукашэнкі аб скасаваньні пагадненьня.
Таксама прадстаўнікі Кабінэта абмеркавалі магчымасьць сумеснага з польскімі ўладамі рашэньня, якое б зрабіла апастылі ад беларускіх уладаў непатрэбнымі, а адсутнасьць сэртыфікату ЦТ — не перашкаджала б пры паступленьні ў Польшчы беларускім абітурыентам, калі яны н могуць яго атрымаць з прычыны рэпрэсій ці іншых важкіх прычын. Бакі дамовіліся, што пры станоўчым рашэньні польскіх уладаў, прадстаўнікі Аб’яднага пераходнага кабінэта Беларусі разам зь Міністэрствам адукацыі і навукі Польшчы сумесна распрацуюць адпаведныя інструкцыі ў гэтай справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Орхуская канвэнцыя ААН, «Усходняе партнэрства»: Зь якіх арганізацый і пагадненьняў беларускія ўлады выйшлі пасьля жніўня 2020 годуТаксама разгледзелі пытаньне рэпрэсаваных навучэнцаў беларускіх каледжаў. Прадстаўнікі Кабінэта дамовіліся, што яны распрацуюць працэдуру, паводле якой рэпрэсаваныя студэнты змогуць дабіцца для сваёй няскончанай беларускай сярэднеспэцыяльнай адукацыі статусу скончанай, што дасьць ім магчымасьць працягнуць навучаньне ў Польшчы.
Акрамя гэтага, абмеркавалі стварэньне сеткі суботніх школ па вывучэньні беларускай мовы, літаратуры і гісторыі з магчымасьцю выдачы дыплёмаў паводле ўзору, зацьверджанага Аб’яднаным пераходным кабінэтам.
Польскі бок выказаў зацікаўленасьць у прыняцьці на працу беларускіх настаўнікаў пасьля настрыфікацыі іх дыплёмаў, паведамляе Кабінэт.
Асобна закранулі тэму павелічэньня колькасьці стыпэндый для беларускіх студэнтаў і магчымасьці больш шырокага інфармаваньня аб іх.
Для дасягненьня практычных вынікаў па вызначаных напрамках сумеснай дзейнасьці створаць рабочую групу па прыкладзе супрацоўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі зь міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі, міністэрствам спорту і турызму Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінадукацыі патлумачылі вяртаньне да прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў. Як і што будзе цяпер?