На бульвары Шаўчэнкі ў Менску адбыўся выбух у жылым доме: 6 чалавек загінулі, трое ў рэанімацыі

Паведамленьні аб выбуху і загараньні кватэры ў пяціпавярховым доме на бульвары Шаўчэнка, 4 у Менску паступілі на нумар «112» ад відавочцаў 17 сьнежня а 03.35-ай гадзіне ночы, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

Паводле ратавальнікаў, праз 4 хвіліны першыя падразьдзяленьні прыбылі да месца выкліку. На другім паверсе пяціпавярховага жылога дома адбыўся пажар у дзьвюх кватэрах на агульнай плошчы каля 40 кв.м. Яны гарэлі адкрытым полымем, было моцнае задымленьне, людзі з вокнаў кватэраў прасілі аб дапамозе.

У кватэрах, у якіх адбыўся пажар, знайшлі целы 6 чалавек, сярод іх дзіця. Мэдыкі канстатавалі іх сьмерць. Хлопчыку, які загінуў на пажары, было 11 год, вынікае з паведамленьня МНС.

Ратавальнікі з вышэйшых паверхаў выратавалі 12 чалавек, зь іх 3 дзяцей. Іх агледзелі супрацоўнікі хуткай дапамогі, у выніку мэдыкі шпіталізавалі траіх у Рэспубліканскі апёкавы цэнтар на базе бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі з папярэднім дыягназам «атручэньне прадуктамі гарэньня, тэрмаінгаляцыйная траўма, апёкі». З сумежных і вышэйшых кватэр таксама эвакуявалі яшчэ 10 чалавек.

Цяпер усе трое пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

«Стан усіх цяжкі, дзіця падключанае да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Урачы робяць усё магчымае для стабілізацыі іх стану. Папярэдне ўсе пацярпелыя атручаныя прадуктамі гарэньня, маюць тэрмаінгаляцыйныя траўмы, апёкі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Прычына і абставіны здарэньня высьвятляюцца. Акрамя вэрсіі аб выбуху газу, разглядаецца вэрсія, што прычынай пажару стала ўспышка пароў лёгкаўзгаральнай вадкасьці. Пра гэта сьведчаць знойдзеныя ў адной з кватэр ёмістасьці, у якіх, магчыма, захоўвалася гэтая вадкасьць.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу.

Жыхарам дома, у якіх агнём пашкодзіла кватэры, дапамогуць у рамонце, таксама гарадзкія ўлады прапанавалі ім часовае жыльлё, аднак людзі адмовіліся і аддалі перавагу пераехаць да сваякоў, паведаміў намесьнік старшыні Менгарвыканкама Алег Корзун, піша агенцтва «Минск-Новости».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьніку дырэктара менскага «Гораўтамоста» прысудзілі 5 гадоў «хатняй хіміі» за абвал моста на Нямізе