У офісе кампаніі паведамілі, што Siemens AG сыходзіць зь беларускага рынку, бо яшчэ 10 лістапада было прынятае рашэньне аб ліквідацыі, піша Office Life.
Раней беларускае прадстаўніцтва мела назоў «Сіменс Тэхналогіі». Таварыства займалася пастаўкамі машын і абсталяваньня, пераважна для патрэбаў энэргетычнай галіны Беларусі, а таксама вывучэньнем каньюнктуры рынку і грамадзкай думкі.
У кампаніі не камэнтуюць, хто зараз будзе абслугоўваць абсталяваньне Siemens у Беларусі. Аднак удакладнілі, што простымі продажамі займаліся аўтарызаваныя партнэры, такія як SIMATEK, ТАА «Інасат-Аўтаматызацыя», «Сенкам-Аўтаматыкс», «АМСІ тэхна», «Эўрапейская электратэхнічная кампанія». Сфэра дзейнасьці гэтых арганізацыяў уключае ў сябе наладку і сэрвіснае абслугоўваньне.
У лістападзе Siemens прадаў увесь свой фінансавы і лізінгавы бізнэс у Расеі. Улетку аб згортваньні прысутнасьці ў Расеі паведаміла і швэдзкая Siemens Energy, якая ў 2020 годзе пасьля карпарацыйнай рэарганізацыі ператварылася ў самастойную кампанію.
Тады ж сталі зьяўляцца паведамленьні аб прыпыненьні супрацы Siemens зь беларускімі арганізацыямі, у тым ліку зь дзяржаўным вытворчым аб’яднаньнем «Белэнерга».
Аднак у 2021 годзе швэдзкая Siemens Energy працягвала выконваць кантракт на пастаўку газавых турбін для беларускай энэргасыстэмы. У траўні швэды паставілі першую газатурбінную ўстаноўку Siemens SGT-800 на Наваполацкую ЦЭЦ. Затым — у філіял ЦЭЦ-5 РУП «Мінскэнерга». Усяго ў Беларусь павінны былі паступіць 16 газавых турбін, у тым ліку для «Брэстэнерга» і «Віцебскэнерга».
- Апошнім часам зь Беларусі пайшоў шэраг заходніх кампаніяў, у тым ліку і такія вядомыя, як McDonald’s і IKEA. Некаторыя кампаніі выгнала ўлада.
- «Прадпрыемствы, якія былі заснаваныя замежным інвэстарам або прыватызаваныя, і замежныя інвэстары атрымалі гэтыя прадпрыемствы, а сёньня (гэта ў асноўным зь недружалюбных краін і іншых) сышлі — памахайце ім рукой, перахрысьціцеся, што яны пакінулі вам уласнасьць», — сказаў Лукашэнка.