У суботу, 17 сьнежня, напярэдадні пачатку сьвяткаваньня габрэйскага Сьвята сьвятла, Ханукі, стартуе 3-і Беларуска-габрэйскі фэстываль. Ён пройдзе ў онлайн- і офлайн-фармаце.
Цэнтар беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны, ініцыятар і стваральнікі фэстывалю заявілі з гэтай нагоды, што сёлета фэстываль пройдзе ў незвычайным фармаце:
«Мы вырашылі правесьці некалькі сустрэч у розных краінах, каб даць магчымасьць убачыць адзін аднаго і адчуць, што мы разам. Узгадаць, што мы маем глыбокую гісторыю, якая нас аб'ядноўвае і зьвязвае з сусьветнай культурай. Мы падрыхтавалі праекты ў Тэль-Авіве, Вільні, Варшаве, Лёндане і онлайн на плятформе фэстывалю».
Мэта фэстывалю — расказаць пра ўзаемаадносіны беларускай і габрэйскай культур, пазнаёміць з традыцыямі ды адкрыць удзельнікам доступ да каранёў, дапамагчы ў пошуку ідэнтычнасьці, адзначаюць арганізатары.
- у панядзелак, 19 сьнежня, Мікіта Моніч робіць адмысловы выпуск «Около культуры» пра габрэйскіх мастакоў Беларусі;
- у аўторак, 20 сьнежня, у Лёндане будзе прэзэнтацыя кнігі «Падарожжы Беньямiна III» Мендэле Мойхер-Сфорыма і сустрэча зь перакладчыкам Паўлам Касьцюкевічам;
- у сераду, 21 сьнежня, будзе онлайн-паказ спэктакля «Джейкаб Джейкабсан» па пьесе Аарона Цэйтліна.
- у Варшаве і Вільні адбудуцца таксама тэматычныя вечарыны.
Больш дэталаяў можна паглядзець на сайце фэстывалю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэстываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA анансаваў конкурс рукапісаў на беларускай мове «Шуфлядка»