Судзьдзі прыйшлі да высновы, што Мустафа датычны да катаваньняў, незаконных затрыманьняў і забойстваў. Па дадзеных сьледзтва, Мустафа ўзначальваў партызанскую групу, якая ўтрымлівала як мінімум шэсьць косаўскіх альбанцаў. Іх абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з сэрбамі.
Зьняволеных білі бэйсбольнымі бітамі, токам і катавалі агнём, ім не давалі вады і ежы. Суд лічыць, што Мустафа асабіста браў удзел у катаваньнях як мінімум двух зьняволеных увесну 1999 году.
Мустафу арыштавалі ў 2020 годзе. Тады ён займаў пасаду дарадцы Міністэрства абароны Косава. Сваю віну асуджаны не прызнаў. Афіцыйна спэцыяльны суд па Косаве пачаў працу ў 2017 годзе.
Спэцыяльны суд расьсьледуе меркаваныя злачынствы, учыненыя чальцамі Вызваленчай арміі Косава супраць этнічных меншасьцяў і палітычных супернікаў у пэрыяд са студзеня 1998-га па сьнежань 2000 году.
Суд знаходзіцца ў Гаазе, але дзейнічае ў адпаведнасьці з законамі Косава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузінскія дэпутаты абвясьцілі галадоўку ў будынку парлямэнту