Яны патрабуюць неадкладна перавесьці экс-прэзыдэнта для лячэньня са сталічнай лякарні Vivamedi у эўрапейскую клініку, перадае карэспандэнт Радыё Свабода з Тбілісі.
Напярэдадні галадоўку абʼявіў і сам былы прэзыдэнт, але неўзабаве адмовіўся ад яе, спаслаўшыся на просьбу сяброў Эўрапарлямэнту.
Галадоўнікі-дэпутаты тлумачаць сваё рашэньне яшчэ і тым, што гатовыя рызыкаваць сваім здароўем замест Міхэіла Саакашвілі. Сярод чатырох удзельнікаў галадоўкі былы начальнік аховы Саакашвілі генэрал Цімур Джанашыя, а таксама адна жанчына — сябра парлямэнту ад «Адзінага нацыянальнага руху» Ганна Цітлідзэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саакашвілі спыніў галадоўку ў зьняволеньні. Яна доўжылася некалькі гадзінЗ дэпутатамі, якія абвясьцілі галадоўку, сустрэўся старшыня парлямэнту ад кіроўнай партыі «Грузінская мара» Шалва Папуашвілі і папрасіў іх выбраць любую іншую форму пратэсту, ня ставячы сваё здароўе ў небясьпеку. Разам з тым Папуашвілі падкрэсьліў, што такія формы ціску на суд недапушчальныя.
У найбліжэйшы час Тбіліскі гарадзкі суд павінен прыняць рашэньне аб адтэрміноўцы выкананьня пакараньня для былога прэзыдэнта Грузіі на год і яго адпраўцы ў Эўропу для лячэньня ад мэнтальных і нэўралягічных захворваньняў.
Саакашвілі прысудзілі 6 гадоў пазбаўленьня волі праз абвінавачаньне ў арганізацыі пабіцьця спэцназам МУС апазыцыйнага дэпутата і бізнэсоўца Валерыя Гелашвілі ў 2005 годзе.
Саакашвілі катэгарычна адмаўляе сваё дачыненьне да пабіцьця апазыцыянэра і называе справу сфабрыкаванай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія памежнікі затрымалі яшчэ адну групу мігрантаў, якія прыбылі зь Беларусі