Менавіта выдавецтва «Янушкевіч» выдала на беларускай мове сусьветны бэстсэлер «Гары Потэр» і славуты «1984» Джорджа Оруэла. Замежныя кнігі, а таксама творы беларускіх аўтараў, якія выдаваў Андрэй Янушкевіч, вельмі добра прадаваліся. У траўні ў Менску адкрылася кнігарня Янушкевіча «Кнігаўка». У першы ж дзень працы ёю зацікавіліся ГУБАЗіК і прапагандысты.
Андрэя Янушкевіча разам з супрацоўніцай ягонай кнігарні Настай Карнацкай затрымалі пасьля ператрусу ў краме, якую так і не ўдалося паўнавартасна адкрыць. Суд прызначыў яму спачатку 10 дзён адміністрацыйнага арышту, аднак пасьля іх адбыцьця выдавец на волю не выйшаў, а быў перазатрыманы і асуджаны яшчэ на 10 сутак. Трэці суд над Янушкевічам адбыўся 6 чэрвеня. Гэтым разам выдаўцу і кіраўніку кнігарні «Кнігаўка» прысудзілі 8 дзён арышту. Неўзабаве пасьля выхаду з 28 сутак у зьняволеньні Андрэй Янушкевіч пакінуў Беларусь і цяпер жыве ў Варшаве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Янушкевіч аднавіў сваю выдавецкую дзейнасьць у Варшаве, шукае партнэраўУ першым пасьля пераезду зь Беларусі інтэрвію Янушкевіч прыгадаў тыя падзеі.
«Кнігарня — гэта публічнае месца. Дазволіць існаваньне месца, дзе магла б распаўсюджвацца беларуская кніжка, улады не хацелі. Была і іншая прычына. Мы не зусім слушна зразумелі сыгнал нашага раптоўнага высяленьня з офісу ў сакавіку. Мы хацелі адкрыць новы пункт для працы, самавывазу кніг, і кнігарню. Але нам не дазволілі гэтага зрабіць. Нічога падрыўнога нават для гэтай улады мы там не рабілі. Але ўлады працуюць паводле вельмі простага правіла — больш за трое не зьбірацца. Калі ж наша выдавецтва пачало мець уплыў, кнігі сталі распаўсюджвацца ня сотнямі асобнікаў, а тысячамі, нас заўважылі. Гэта прызнаньне нашых заслуг у распаўсюдзе беларускамоўных кніг». — кажа кнігавыдавец.
У ізалятары на Акрэсьціна Андрэй Янушкевіч правёў амаль месяц. За гэты час ён ня змог зразумець, чаго ад яго хацелі. За амаль месяц зь ім ніхто пра ягоныя кнігі не размаўляў.
«Ужо потым я зразумеў, што адсядзеў у „выхаваўчых мэтах“. На мяне вырашылі нагнаць страху. Але каб была нейкая тлумачальная праца са мной, то нічога такога не было. Яны хацелі, каб я самастойна зрабіў высновы, каб адмовіўся ад актыўнасьці, перастаў рабіць „няправільныя“ кнігі. Так мне сказаў адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіКу». — тлумачыць Андрэй Янушкевіч.
Яго выдавецтва ў Беларусі выдавала пераважна мастацкую літаратуру, замежных аўтараў, якіх у Менску можна купіць і па-беларуску, або дзіцячыя кнігі.
«Да іх дайшло, што беларуская кніга становіцца папулярнай. І тая ж клясыка на беларускай мове — гэта ўдар па ідэі „русского мира“. Гэта не фальклёрны лубок, у які ўлады імкнуцца запхнуць беларускую культуру. Што гэта іншае, чым тое, што яны дазваляюць праўладным структурам. Свабодная беларуская культура для нашай улады — зло. Гэта і прадэманстравалі на маім прыкладзе», — лічыць Янушкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навуковую манаграфію пра жыцьцё беларусаў пад нямецкай акупацыяй прызналі экстрэмісцкайУ кастрычніку дзьве з выдадзеных Янушкевічам кніг улады прызналі экстрэмісцкімі. Гэта беларускі пераклад «Баляды пра маленькі буксір» расейскага паэта Ёсіфа Бродзкага, якая была першай публікацыяй знакамітага аўтара ў сябе на радзіме, у 1962 годзе. У вершы для дзяцей буксір расказвае пра сваё жыцьцё і прызначэньне. А таксама гістарычную манаграфію Сьвятланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Плянаваньне. Забесьпячэньне. Ажыцьцяўленьне». У аснову працы пакладзеная кандыдацкая дысэртацыя аўтаркі, падрыхтаваная і абароненая ў 2006 годзе ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Аб прычынах прызнаньня кнігі экстрэмісцкай не паведамляецца.
«Тэма вайны — гэта тая ідэалягічная тэрыторыя, на якую ўлада хоча пашыраць сваю манаполію. Нельга сказаць, дарэчы, што кніга Казловай неяк моцна крытыкуе афіцыйную візію ІІ сусьветнай вайны. Яна выбіваецца з таго шэрагу тым, што ў спакойнай манэры там спрабуюць аналізаваць аграрную палітыку нямецкіх уладаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1941–1944 гады. А другая прычына, чаму яе прызналі экстрэмісцкай, гэта тое, што яна выйшла ў нашым выдавецтве. Яна была найлепшым прадуктам, каб прызнаць хоць нешта з нашых выданьняў экстрэмісцкім. Магчыма, калі б яна выйшла ў іншым выдавецтве, то яе б і не заўважылі». — гаворыць Андрэй Янушкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белкніга» разарвала дамовы з выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы», якія друкуюць беларускамоўныя кнігіТым ня менш выдавецтва Янушкевіча дагэтуль афіцыйна мае ліцэнзію ў Беларусі. Фармальна і фактычна яно працягвае працу. Кнігі пастаўляюцца ў кнігарні, іх можна знайсьці і на інтэрнэт-пляцоўках. Што ж тычыцца выдавецкай дзейнасьці, то выданьне новых кніг у Беларусі Янушкевіч называе бессэнсоўным.
«Нам у любы момант могуць заблякаваць іх распаўсюд. Могуць прызнаць экстрэмісцкімі. Распаўсюдніцкі рынак вельмі звузіўся. Для шмат каго з партнэраў, ня толькі ў поліграфічнай сфэры, мы сталі таксычнымі. З намі проста баяцца супрацоўнічаць, бо баяцца рэпрэсій. Фактаў пра гэта пакуль няма, але гэты страх, часта беспадстаўны, які наганяецца навінамі і падзеямі, існуе, і часта робіцца шкада, што ад гэтага немагчыма нічога рабіць».
Дзейнасьць свайго выдавецтва Янушкевіч аднавіў цяпер у Польшчы. Сваю пазыцыю ён называе простай: лепш за мяжой рабіць нешта, чым сядзець на радзіме як мыш пад венікам. У Беларусі кліенцкая база «Янушкевіча» складала некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. На новым месцы даводзіцца пачынаць з нуля.
«Аўдыторыя пакуль моцна расьцярушаная. Але ў эміграцыі шмат што можна зрабіць. Выдавецкая сфэра працуе тут па іншых законах; усё прасьцей, чым у Беларусі. Пытаньне толькі ў сродках і жаданьні дзейнічаць. Стараемся цяпер давесьці беларусам за мяжой, што мы тут і далей выдаём кнігі», — кажа Андрэй Янушкевіч.
Ужо некалькі кніг выдавецтва «Янушкевіч» пасьпела выдаць за мяжой. Напрыклад, постапакаліпсіс Кормака Макарці «Дарога» і «Калядную кніжку» беларускага аўтара Антона Францішка Брыля. Пры дапамозе праскага выдавецтва «Вясна» выйшлі «Фэрма» і «1984» Оруэла.
Многія выдавецтвы ў сьвеце наракаюць на чытацкі крызіс і вымушанае зьмяншэньне накладаў. Але на беларускі рынак Андрэй Янушкевіч глядзіць аптымістычна і перакананы, што яго не заб’юць ані TikTok, ані Youtube.
«Кніга — іншы жанр. Добра выдадзеная папяровая кніга мае прэтэнзію на вечнасьць. Яе можна ўзяць з паліцыі не адзін раз, у адрозьненьне ад усяго кантэнту, які мы маем у інтэрнэце. Беларуская выдавецкая прастора — гэта неаранае поле. Нам яшчэ шмат што трэба напісаць, перакласьці і выдаць, каб беларускі чытач насыціўся. Мы зрабілі пакуль вельмі мала», — лічыць Янушкевіч.
Ён называе важным для сёньняшняй Беларусі любы культурны прадукт, паколькі Беларусь і беларусы фармаваліся дзякуючы культуры. Культуру Янушкевіч называе магутнай зброяй.
«Палітычна мы пакуль слабыя, эканамічна — таксама. Культура, у тым ліку кніга, можа выканаць тую ролю, дзякуючы якой беларуская ідэнтычнасьць будзе мацавацца. Роля кнігі яшчэ ў тым, што працэс чытаньня вельмі інтымны. І калі ты нават расейскамоўны і хочаш далучыцца да беларускай мовы, адчуць ейны смак, кніга — гэта найлягчэйшы і найэфэктыўнейшы шлях судакрананьня зь беларускай мовай. У гэтым я і бачу сакрэт папулярнасьці беларускай кнігі ў апошнія гады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі: «Праблема кніг, якія скажаюць гісторыю, будзе вырашаная»