Як паведамляе БелТА, Лукашэнка заявіў, што на перамовах 19 сьнежня ён з Пуціным у першую чаргу абмяркуюць пытаньні стратэгіі, асабліва ў эканамічнай сфэры.
«На маючай адбыцца сустрэчы мы абмяркуем пытаньні стратэгічнага характару. Пытаньні стратэгіі — перш за ўсё ў сфэры эканомікі. Так, мы будзем гаварыць аб ваенна-палітычнай сытуацыі вакол нашых дзяржаў. Вядома, мы не пазьбегнем пытаньня ня толькі ВПК, але і будзем гаварыць аб абараназдольнасьці, бясьпецы. Але галоўнае — гэта эканоміка», — сказаў ён.
Лукашэнка таксама дадаў, што «сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі непарушныя», «пры гэтым Беларусь ніколі ня будзе ворагам Расеі».
«Шмат хто ў нас тут пачынае шаптацца, калі не атрымліваецца дамовіцца, што Расея ставіць непрымальныя для нас умовы, зьвязаныя з нашай незалежнасьцю і сувэрэнітэтам. Абсалютна шчыра кажу: пры ўсіх складанасьцях, калі Расейская Фэдэрацыя — кіраўніцтва — хоча будаваць адносіны з сувэрэннай незалежнай дзяржавай Беларусь, калі Расея ўспрымае нас як сувэрэнную і незалежную дзяржаву (але вельмі блізкая, вельмі надзейная, дзе ўсё расейскае — ад мовы да расейскіх традыцый — сьвята шануецца), мы гатовыя выстройваць адносіны. Але мы павінны заўсёды зыходзіць з таго, што мы дзяржава сувэрэнная і незалежная», — сказаў Лукашэнка.
Ён зазначыў, што «мы ніколі ня будзем ворагам Расеі. І ніколі скоса ў бок Расеі глядзець ня будзем».
«Гэта самая блізкая нам дзяржава, самыя блізкія нам народы. Думаю, пакуль мы з вамі ва ўладзе, мы такой тэндэнцыі будзем прытрымлівацца. Калі б было інакш, было б, як ва Ўкраіне. Усе гэта разумеюць, але ня ўсе могуць пра гэта казаць.
Тыя, хто ўцёк, ім трэба зарабляць грошы на жыцьцё. Грошы нехта даў, сказаў, як сказаць, — яны кажуць. Таму сувэрэнітэт і незалежнасьць непарушныя. І ўсякія размовы ў нас ці там — гэта значыць здрада інтарэсам беларускага народа», — заявіў Лукашэнка.
16 снежня стала вядома, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыляціць у Менск на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін упершыню за тры з паловай гады наведае Беларусь