Улады Беларусі падоўжылі контрасанкцыі, але скарацілі пералік забароненых тавараў

Ілюстрацыйнае фота

Савет Міністраў Беларусі працягнуў дзеяньне харчовага эмбарга да 30 чэрвеня 2023 году, аднак перагледзеў пералік тавараў, якія забароненыя для ўвозу зь «недружалюбных» краін.

Такая пастанова ад 14 сьнежня зьявілася сёньня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У адпаведнасьці з новым варыянтам пераліку тавараў забаронены ўвоз:

  • бульбы,
  • цыбулі,
  • сьвежай белакачаннай капусты,
  • сьвежай морквы,
  • сталовых буракоў,
  • арэхаў,
  • яблыкаў.

Пры гэтым зроблены выключэньні для насеннай бульбы, а таксама сьвежай бульбы, якая ўвозіцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня, і яблыкаў, што ўвозяцца з 1 студзеня па 30 чэрвеня.

Пад контрасанкцыі таксама трапляюць мясная і малочная прадукцыя, кандытарскія вырабы, каўбасы і аналягічныя прадукты. Пры гэтым дакумэнт дапускае магчымасьць увозу прадукцыі па разавых ліцэнзіях.

Палажэньне пастановы аб прадаўжэньні спэцыяльных мер адносна асобных відаў тавараў набывае моц з 1 студзеня 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ўлада Беларусі будзе нарывацца, яна і нарвецца». Каму пашкодзяць менскія контрасанкцыі?
  • У Беларусі з 1 студзеня 2022 году ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт зь «недружалюбных краін». Пад абмежаваньні трапілі ў тым ліку мяса сьвежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, сьвініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука зь мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль.
  • Пад забаронай апынулася прадукцыя сярод іншага з краін ЭЗ, ЗША, Канады, Нарвэгіі, Вялікай Брытаніі.
  • Пазьней урад Беларусі скараціў сьпіс тавараў, якія з 1 студзеня перасталі ўвозіць зь «недружалюбных» заходніх краін. З 27 красавіка зь яго выключылі ў тым ліку яблыкі, грушы і салаты.
  • Абмежаваньні не распаўсюджваюцца на тавары, якія вывозяць у краіны ЭАЭС, а таксама іншыя дзяржавы для аказаньня міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Таксама новаўвядзеньне ня тычыцца тавараў, якія ідуць празь Беларусь транзытам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў перакрыць нямецкім кампаніям беларускі рынак і транзыт у Расею і Кітай