Эўразьвяз узгадніў дзявяты пакет санкцый супраць Расеі

Сьцягі ЭЗ

Краіны ЭЗ узгаднілі дзявяты пакет санкцый у дачыненьні да Расеі ў сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну.

Пра гэта паведаміў журналіст Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк, а таксама агенцтва Reuters з спасылкай на дыпляматаў.

Раней паведамлялася, што абмежавальныя меры дзявятага пакета санкцый могуць закрануць пастаўкі ў Расею любых бесьпілётных лятальных апаратаў і матораў для іх.

Таксама забарона на пастаўку матораў можа распаўсюдзіцца і на тыя краіны, якія, на думку ЭЗ, могуць прадаць іх Расеі (такія як Іран).

Эўразьвяз можа ўвесьці забарону на новыя інвэстыцыі ў расейскі горназдабыўны сэктар, а таксама зрабіць больш жорсткім экспартны кантроль за пастаўкай у Расею тавараў і тэхналёгій, якія патэнцыйна могуць быць выкарыстаны ў ваенных мэтах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча і краіны Балтыі заблякавалі дзявяты пакет санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі

Пятага сьнежня ў сілу ўступіў восьмы пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі, які ўключае ўвядзеньне гранічнай цаны на расейскую нафту, якая перавозіцца танкерамі. На трубаправодную нафту забарона пакуль не распаўсюджваецца. Расея заявіла, што адмовіцца пастаўляць нафту і нафтапрадукты ў краіны, якія ўвядуць столь цэнаў. Аднак на гэты момант Масква не паведамляла пра нейкія канкрэтныя рашэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне: Расея ў абыход санкцыяў купляе заходнія кампанэнты для дронаў