29 лістапада ў судзе Ленінскага раёну Менску за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе асудзілі сям’ю Арэхавых. Сужэнцаў Віктара і Ірыну асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Віктар знаходзіўся да суду пад вартай, а Ірына — пад закладам у 8000 рублёў, піша «Вясна». На судзе віну яны прызналі часткова. З матэрыялаў справы стала вядома, што сямʼі ставілі ў віну ўдзел у пратэставым маршы па фота з тэлефона Віктара. На судзе мужчына расказаў, што сапраўды зрабіў з жонкай фатаздымак на праезнай частцы на праспэкце Незалежнасьці падчас маршу, але плякат і стужкі, зь якімі яны сфатаграфаваліся, ім не належаць.
Ірына на судзе адзначыла, што ў той дзень лёзунгаў не выкрыквала і ў далоні ня пляскала.
Судзьдзя Тацяна Шоцік прызначыла па два гады «хатняй хіміі» кожнаму. Віктара вызвалілі з-пад варты ў зале суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пінчука з інваліднасьцю пасьля затрыманьня забрала з ІЧУ «хуткая»Чарговая аблава, цяпер у Жлобіне: затрымалі не менш за пяць чалавек
Сёння на праўладных каналах выйшла відэа з затрыманымі, гэтым разам — са Жлобіна. Затрыманыя Марына Ляхновіч, Тацяна Дземчанка, Вадзім Кір'янаў, Настасься Татарынава і Кірыл Камароў, паведамляе «Наша Нiва».
Прынамсі аднаго зь іх ужо затрымлівалі па адміністрацыйных «пратэставых» справах — менавіта ягонае брутальнае затрыманьне бачнае на відэа. Нягледзячы на тое, што хлопец не аказвае аніякага супраціву, на яго навальваюцца тры чалавекі і кладуць тварам у сьнег. Пасьля гэтага яны ж валакуць яго ў аддзяленьне міліцыі.
Затрыманыя (прынамсі, частка зь іх), мяркуючы па ўсім, знаёмыя між сабой. Сілавікі абвінавачваюць іх у тым, што яны ўдзельнічалі ў пратэстах у Жлобіне ў жніўні 2020 году.
Як правіла, агульная колькасьць затрыманых у раёнах нашмат большая за колькасьць імёнаў, вядомых на пачатку.