Дата зьмяненьняў не пазначана ў рэестры, але гэта можа сьведчыць аб перайменаваньні рэстаранаў. На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва Sputnik Беларусь. Гэта значыць, на гандлёвых аб’ектах могуць зьявіцца новыя шыльды.
Zerkalo.io паглядзела, якія з рэстаранаў пазначаныя пад назвай McDonaldʼs, а якія — «КСБ Виктори Рестораны».
«КСБ Виктори Рестораны» — гэта назва кампаніі, якая валодае сеткай рэстаранаў McDonaldʼs у Беларусі. Уладальнікам франшызы ў Беларусі быў сваяк экс-прэзыдэнта Казахстану Кайрат Баранбаеў. Інфармацыя аб тым, што ён перадаў свой бізнэс камусьці іншаму, не фігуравала ў адкрытым доступе.
Пад новай назвай фігуруе рэстаран у Менску па адрасе Дзяржынскага, 96. А па адрасе Лагойскі тракт, 35-1 па-ранейшаму пазначана назва McDonald`s, як і ў Магілёве на Пушкінскім праспэкце, 12.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ўжо наша прадпрыемства». Лукашэнка пра McDonald’s і актывы замежных кампанійПры гэтым з Адзінага дзяржрэгістру вынікае, што кампанія ня ўносіла зьмяненьняў сёлета ва ўстаноўчыя дакумэнты. Гэта можа сьведчыць аб тым, што ўласьнік фірмы не зьмяніўся.
Пры гэтым на сайце ksbv.by, на якім прадстаўлена мэню рэстаранаў і кавярняў кампаніі «КСБ Виктори Рестораны», не пазначаны іх назвы. Гэта можа быць зьвязана з праваўладальнікамі назваў страваў.
Спачатку хадзіла інфармацыя пра тое, што 22 лістапада сетка McDonaldʼs працягне працу пад расейскім брэндам «Вкусно и точка» (гэтая сетка рэстаранаў хуткага харчаваньня замяніла McDonaldʼs пасьля яго закрыцьця ў Расеі). Аднак гэтага не адбылося, зьявіліся чуткі, што мяняць франшызу забараніў асабіста Лукашэнка.
Пытаньні па далейшай працы сеткі рэстаранаў хуткага харчаваньня паўсталі пасьля ўвядзеньня супраць Рэспублікі Беларусь санкцый за дзеяньні рэжыму Лукашэнкі супраць палітычных апанэнтаў і яго дапамогу расейцам у вайне супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Керамін», Miory Steel, McDonald's. Як беларускія ўлады «махалі рукой інвэстарам»