Заяву былога прэзыдэнта, раней пакаранага тбіліскім судом 6 гадамі зьняволеньня за перавышэньне службовых паўнамоцтваў, зачытала ягоная адвакатка.
У заяве сказана, што Саакашвілі не хацеў бы даваць сваім крытыкам нагоды вінаваціць яго наўмыснай шкодзе свайму здароўю. Таксама, па словах Саакашвілі, яго прасілі спыніць галадоўку дэпутаты Эўрапарлямэнту, якія паабяцалі сачыць за тым, ці будуць выконвацца ягоныя правы.
Прычынай для абвяшчэньня галадоўкі стала адмова Дэпартаменту выкананьня пакараньняў Міністэрства юстыцыі Грузіі забясьпечыць яму прамое ўключэньне з шпітальнай палаты падчас судовага працэсу аб яго пераводзе для далейшага лячэньня ў бэрлінскую клініку «Шарытэ».
Саакашвілі раніцай у сераду паведаміў праз сваіх адвакатаў, што будзе трымаць галадоўку да таго часу, пакуль яму не дазволяць дыстанцыйна выступіць на сваім судовым працэсе і зьвярнуцца да краіны. У заяве аб спыненні галадоўкі не гаворыцца, ці была выканана гэтая ўмова.
Наступнае паседжаньне суду адбудзецца не раней за 22 сьнежня. Мэдыкі выказваюць занепакоенасьць у сувязі з пагаршэньнем стану здароўя былога кіраўніка дзяржавы.
Адвакаты, а таксама паплечнікі Саакашвілі па апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» дамагаюцца адтэрміноўкі пакараньня і адпраўкі былога прэзыдэнта ў Эўропу для лячэньня.
Старшыня кіроўнай партыі «Грузінская мара» Іраклій Кабахідзэ, у сераду адказваючы на пытаньні журналістаў, назваў трэцяга прэзыдэнта Грузіі «забойцам», які «страціў 20% тэрыторый краіны ў 2008 годзе», і падкрэсьліў, што лёс гэтага зняволенага яго «наагул не цікавіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саакашвілі зноў абвясьціў галадоўку: дабіваецца дыстанцыйнага ўдзелу ў судзе- Міхэіла Саакашвілі пакаралі 6 гадамі турмы па абвінавачаньні ў арганізацыі пабіцця спэцназам МУС апазыцыйнага дэпутата, бізнэсоўца Валерыя Гелашвілі ў 2005 годзе. Цяпер былы прэзыдэнт праходзіць у якасьці абвінавачанага ў яшчэ трох справах, у тым ліку аб незаконным пераходзе дзяржаўнай мяжы Грузіі 29 верасьня летась. Тады Саакашвілі арыштавалі.