Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Рабэрта Мэтсала абвясьціла ляўрэата 2022 году ў зале пленарных пасяджэньняў у Страсбургу пасьля рашэньня канфэрэнцыі прэзыдэнцтва парлямэнту (прэзыдэнт і лідэры палітычных групаў).
«Гэта ўзнагарода для тых украінцаў, якія ваююць на зямлі. Для тых, хто быў вымушаны бегчы. Для тых, хто страціў родных і блізкіх. Для ўсіх тых, хто адстойвае і змагаецца за тое, у што верыць. Я ведаю, што мужны народ Украіны ня здасца, і мы таксама», — сказала яна.
Несправакаваная агрэсіўная вайна Расеі супраць Украіны нясе велізарныя страты ўкраінскаму народу. Яны ня толькі змагаюцца за абарону сваіх дамоў, сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці, але таксама абараняюць свабоду, дэмакратыю, вяршэнства закону і эўрапейскія каштоўнасьці на палях бітваў «супраць жорсткага рэжыму, які імкнецца падарваць нашу дэмакратыю, аслабіць і падзяліць наш Зьвяз», — заявілі эўрадэпутаты.
Намінацыя падкрэсьлівае намаганьні прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і ролю іншых людзей, прадстаўнікоў ініцыятываў грамадзянскай супольнасьці — Юліі Паеўскай, заснавальніцы эвакуацыйнага мэдычнага пункту «Анёлы Тайры», Аляксандры Матвійчук, старшыні арганізацыі «Цэнтар грамадзянскіх свабодаў», Івана Фёдарава, мэра Мелітопалю, які цяпер пад расейскай акупацыяй; дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў, у тым ліку Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацыяў, Грамадзянскага руху супраціву «Жоўтая стужка».
Уручэньне прэміі Сахарава пройдзе 14 сьнежня ў Страсбургу.
Прэмію Сахарава «За свабоду думкі» штогод прысуджае Эўрапейскі парлямэнт. Яна заснаваная ў 1988 годзе для ўшанаваньня асобаў і арганізацыяў, якія абараняюць правы чалавека і асноўныя свабоды. Прэмія названая ў гонар савецкага фізыка і палітычнага дысыдэнта Андрэя Сахарава, грашовы памер прэміі 50 000 эўра.
У сьпісе намінантаў 2022 году таксама былі заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж, Калюмбійская камісія высьвятленьня праўды, бразыльская актывістка Соня Гуажажара і журналістка тэлеканалу Al Jazeera Шырын Абу Акле, якая загінула ў траўні 2022 году.
Летась парлямэнт прысудзіў прэмію расейскаму апазыцыйнаму палітыку і змагару з карупцыяй Аляксею Навальнаму.
У 2004 годзе гэтай прэміяй была ўганараваная Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006-м — палітык, экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч, у 2020-м — дэмакратычная апазыцыя Беларусі ў асобе Каардынацыйнай Рады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры G7 заявілі аб недапушчальнасьці выкарыстаньня зброі масавага паражэньня і паабяцалі прыцягнуць Пуціна да адказнасьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША: разьмінаваньне Ўкраіны — найбольшы выклік з часоў Другой усясьветнай вайны