Ціханоўская папрасіла прэм’ерку Фінляндыі дапамагчы палітвязьням і перайменаваць Valko-Venäjä ў Беларусь

Санна Марын і Сьвятлана Ціханоўская. Хэльсынкі, 13 сьнежня 2022 г.

13 і 14 сьнежня Ціханоўская наведвае Хэльсынкі на запрашэньне міністра замежных справаў Фінляндыі Пэкі Хаавіста. Гэта другі яе візыт у Фінляндыю.

13 сьнежня Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Фінляндыі Саннай Марын. Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, бакі абмяркоўвалі сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі і ўмовы ў турмах, а таксама якім чынам міжнародная супольнасьць можа дабіцца іх вызваленьня.

Прэсавая служба Ціханоўскай паведаміла пра вынікі візыту:

«Беларуская лідэрка папрасіла падтрымаць рэпрэсаваных — многія пачынаюць выходзіць з турмаў, і ім патрэбная рэабілітацыя. Пасьля мінулага візыту Фінляндыя вылучыла дапамогу беларускім праваабаронцам і студэнтам. Ціханоўская падзякавала прэм’ерцы і папрасіла аказваць дапамогу грамадзянскай супольнасьці».

Палітыкі абмеркавалі ролю рэжыму Лукашэнкі ў вайне. Ціханоўская сказала, што беларускі рэжым нясе поўную адказнасьць за тое, што ўцягвае ў вайну ўсю краіну.

Ціханоўская заклікала Фінляндыю выступаць у падтрымку беларускага сувэрэнітэту і патрабаваць вывад расейскіх войскаў ня толькі з Украіны, але і зь Беларусі. Яна сказала, што прыярытэт дэмакратычных сілаў — не дапусьціць гэтага.

Таксама Ціханоўская папрасіла не закрываць дзьверы для беларусаў, якія шукаюць бясьпечны прытулак у краінах Эўразьвязу.

Ціханоўская таксама папрасіла разглядзець магчымасьць зьмены афіцыйнай назвы Беларусі па-фінску: цяперашняя Valko-Venäjä літаральна азначае «Белая Расея». Замена яе на Belarus была б добрым сыгналам беларускаму народу, лічыць Сьвятлана Ціханоўская.

Франак Вячорка, Сьвятлана Ціханоўская, Санна Марын. Хэльсінкі, 13 сьнежня 2022

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выступіла ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў. 10 тэзісаў