13 сьнежня ў Польшчы прыгадваюць увядзеньне ваеннага становішча генэралам Войцехам Ярузэльскім. Пакуль быў жывы сам генэрал, каля ягонага дома ў гэты дзень зьбіраліся праціўнікі, каб нагадаць пра ахвяраў ваеннага становішча. Пасьля ягонай сьмерці ў 2014 годзе гэтая традыцыя спынілася. Але мільёны палякаў да сёньня ня могуць дараваць Ярузэльскаму.
У 1981 годзе польскія камуністы вырашылі пакончыць з «Салідарнасьцю», якую самі ж годам раней і легалізавалі. Пабачыўшы пасьля моц апазыцыі, улады пачалі рэпрэсіі. Маштабам яны нагадвалі тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Польскія камуністы страцілі ўладу ажно праз 8 гадоў пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча. Апошнія 30 гадоў Польшча ідзе шляхам дэмакратыі і капіталізму. Але пра сапраўдную сутнасьць тых працэсаў, якія зьмянілі краіну, палякі спрачаюцца дагэтуль.
Для адных гэта вынік нацыянальнай згоды паміж альтруістычным генэралам Ярузэльскім, які дбаў пра інтарэсы Польшчы, і «Салідарнасьцю», якая таксама была за мірныя перамены. Для іншых — эфэкт змовы камуністаў і часткі апазыцыі, у рамках якой адбыўся новы падзел улады, які гарантаваў камуністам бясьпеку і захаваньне часткі прывілеяў, вынікам чаго сталі неэфэктыўныя перамены, поўныя паталёгій. Для шараговага беларуса перамены ў Польшчы ўвогуле збольшага бачацца як вынік прыгожай рэвалюцыі, у якой «Салідарнасьць» безапэляцыйна перамагла камуністаў.
Польскі гісторык, прафэсар Антоні Дудэк, напісаў пра найноўшую гісторыю Польшчы больш як дзясятак кніг і сотні артыкулаў. Ягоная кніга «Рэглямэнтаваная рэвалюцыя» зьяўляецца адной з найлепшых крыніц інфармацыі пра сутнасьць польскіх пераменаў. У гэтай працы, напісанай на падставе архіўных дакумэнтаў, аўтар разьвенчвае міты, якія вырасьлі за дзясяткі гадоў наконт пераломнага для краіны 1989 году. Ніжэй — самае асноўнае з амаль як 500 старонак.
Камуністычная Польшча і Беларусь Лукашэнкі. Знайдзіце адрозьненьні
Карціна, якая склалася ў Польшчы ў першы год ваеннага становішча, да болю нагадвае Беларусь празь некалькі месяцаў пасьля выбараў 2020 году. Тысячы людзей апынуліся ў турмах, месцах інтэрнаваньня, былі і сьмяротныя ахвяры. Сотні тысяч палякаў уцяклі з краіны. Не засталося ніякага легальнага для апазыцыі поля дзеяньня.
Асноўныя дзяржаўныя структуры пачалі напаўняцца людзьмі са спэцслужбаў. На кіроўныя пасады ў партыйным апараце накіравалі 32 афіцэры Войска Польскага. А ў дзяржаўную адміністрацыю — чарговых 88. Сярод іх было 11 міністраў і намесьнікаў міністраў, 13 ваяводаў (аналяг старшыняў аблвыканкамаў).
Як і ў Беларусі, адбываліся масавыя чысткі чыноўнікаў дзяржапарату, якіх падазравалі ў спрыяньні апазыцыі. Былі і здарэньні, якія нагадваюць сучасныя ўзломы ГУБАЗіКам Telegram апанэнтаў улады. У 1986 годзе польская выведка зламала шыфр, дзякуючы якому «Салідарнасьць» кантактавала са сваімі прадстаўнікамі на Захадзе.
Падабенствы былі і ў замежнай палітыцы. Наступствам ваеннага становішча стала большая залежнасьць Польшчы ад СССР. У 1982 годзе імпарт сыравіны ў Польшчу зьменшыўся на 40%. Адной з прычын былі санкцыі.
Апазыцыя, нягледзячы на ўсё гэта, спадзявалася на перамовы. У 1982 годзе інтэрнаваны камуністамі Лех Валэнса сказаў у размове з тагачасным кіраўніком МУС Чэславам Кішчакам, што ён прыхільнік генэрала Ярузэльскага, што ваеннае становішча неабходнае і што ён за савецка-польскую дружбу. Камуністы ж, вядома, у гэта ня верылі. Як сьведчаць дакумэнты, Кішчак пасьля назваў Валэнсу «дробным чалавекам, жулікам, лісам і ашуканцам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падзел апазыцыі аказаўся яе сілай». Што рабіла «Салідарнасьць», калі яе «закачалі ў асфальт», і як яна перамагла камунізмРэпрэсіі камуністаў, як і рэпрэсіі ў Беларусі, займелі эфэкт
Камуністы пасьлядоўна працавалі на зьнішчэньне адзінства сярод апазыцыі. У 1985 годзе Служба бясьпекі (аналяг КДБ у Беларусі) так апісвала сваю тактыку барацьбы з «Салідарнасьцю»: «Палітычнай мэтай зьяўляецца разгубленасьць у лягеры праціўніка і параліч яго адзінства і дзеяньня». У дакумэнце МУС мэты для сябе бачылі такія: 1) Паглыбленьне розьніц і антаганізмаў паміж асобамі і групамі, якія выконваюць кіраўнічую ролю. 2) Бесьперапынная дэзынфармацыя.
Ад восені 1982 году польскія спэцслужбы канстатавалі зьмяншэньне колькасьці дэманстрацый і падпольных структур. У 1984 годзе МУС сьцьвярджаў, што падпольныя структуры ня ў стане весьці рабочую клясу супраць палітычнай сыстэмы. Годам пазьней, як падлічыла МУС, у краіне дзейнічала 350 нелегальных структур. Іх актыў складаў 1,5 тысячы чалавек, а 10 тысяч былі распаўсюднікамі матэрыялаў, сувязнымі і друкавалі самвыдат. Агулам нелегальнай апазыцыйнай дзейнасьцю на амаль 40-мільённую Польшчу займаліся каля 34 тысяч чалавек.
У такіх умовах партыйнае кіраўніцтва ня бачыла ніякай патрэбы ў дыялёгу з апазыцыяй. Як піша Дудэк, «адзіныя перамовы прадстаўнікоў улады і апазыцыі маглі датычыць угаворваньняў пакінуць краіну або выйсьці з падпольля».
Польская апазыцыя была за дыялёг з рэжымам
Тэме дыялёгу было прысьвечана багата публіцыстыкі ў самвыдаце. З гэтым, дарэчы, пагаджаўся і сам Валэнса. Тагачасны апазыцыянэр, сёньняшні рэдактар «Газэты Выборчай» Адам Міхнік пісаў, што вынікам дыялёгу магло стаць 30% апазыцыі ў Сэйме.
У верасьні 1986 годзе, пасьля абвяшчэньня амністыі, Валэнса ініцыяваў стварэньне Часовай Рады «Салідарнасьці», якая была групай для патэнцыйных перамоваў з уладамі. Празь месяц ён і група апазыцыйных інтэлектуалаў заклікалі скасаваць амэрыканскія эканамічныя санкцыі супраць ПНР.
Але дасьпяваньне ўладаў ПНР да перамоваў адбывалася паступова, у 1986-1987 гадах. У замежнай палітыцы ключавымі сталі перамены ў СССР, ва ўнутранай — эканамічныя цяжкасьці. На паседжаньні палітбюро ў ліпені 1986 году Гарбачоў адкрыт сказаў, што эканамічныя праблемы больш не дазваляюць СССР цягнуць на сваіх плячах «саюзьнікаў у Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе». Усё гэта прывяло да зьмены грамадзкіх настрояў. Зьмены закранулі і палітычныя эліты. Зразумела, як зазначае Дудэк, на рашэньні Ярузэльскага ўрэшце ўплывала дзейнасьць апазыцыі і Каталіцкай царквы.
З Каталіцкай царквой генэрал Ярузэльскі спрабаваў гуляць, каб зьменшыць незадаволеньне грамадзтва. Мела значэньне і тое, што, паводле апытаньня ў 1986 годзе, 66% чальцоў польскай кампапартыі лічылі сябе вернікамі. Паводле Дудэка, тактыка Ярузэльскага была простая: карай і давай. Ды і галава Каталіцкай царквы ў Польшчы, прымас Юзаф Глемп, праводзіў памяркоўную палітыку. Ён дыстанцыянаваўся ад апазыцыі, але падтрымліваў ідэю дыялёгу і вызваленьне палітвязьняў. Паводзіны каталіцкіх герархаў Дудэк называе «двайной палітыкай».
На дыялёг пайшлі камуністы. Але ёсьць нюанс
1987 годзе ў Польшчы бушаваў эканамічны крызіс. Палякі былі вельмі моцна не задаволеныя сваім жыцьцём. У пачатку 1988 году прадукты харчаваньня, алькаголь і цыгарэты падаражэлі на 40%. Вырасьлі цэны на праезд, камуналку. Улады правялі сацапытаньне і былі перакананыя, што ніякіх пратэстаў гэта ня выкліча. Паводле іх разьлікаў, у 1988 годзе праціўнікаў і прыхільнікаў камуністычнай улады ў грамадзтве было па 20%, 35% складаў цэнтар, а 25% — маўклівая меншасьць.
Тым ня менш камуністы пралічыліся. У 1988 годзе пачаліся страйкі. Адным з асноўных пастулятаў страйкоўцаў была легалізацыя «Салідарнасьці». Валэнса зноў выступіў з прапановай перамоваў.
Улады спачатку адмаўляліся, бо лічылі, што гэта пакажа іх слабасьць. Але пасьля ўсё ж згадзіліся. Яны былі перакананыя, што калі апазыцыя прапануе перамовы, значыць, слабая менавіта яна. Умовай з боку ўладаў было заканчэньне страйкаў. Уладу цікавілі толькі такія перамовы, якія б гарантавалі пэўную дамоўленасьць, але ні ў якім разе не зьмянялі сыстэму.
Ідэяў у іх было шмат. У польскай кампартыі разважалі нават стварэньне Сэнату і прызначэньне на пасаду старшыні Леха Валэнсы. Але ўзамен апазыцыя мелася гарантаваць адмову ад плянаў адраджэньня «Салідарнасьці». Ярузэльскі сур’ёзна думаў над тым, каб ініцыяваць ляяльную сабе хрысьціянска-дэмакратычную партыю. Дарадцы дакладалі яму пра катастрафічныя настроі ва ўладзе, пра дэмаралізацыю, мары вэртыкалі выключна пра прыватны бізнэс або пасаду ў пасольстве за мяжой. Дарадцы Ярузэльскага былі перакананыя, што без падтрымкі Масквы партыя страціць уладу.
Як з Валэнсы хацелі зрабіць канструктыўную апазыцыю
Улетку 1988 году Ярузэльскі ўпершыню выкарыстаў выраз «круглы стол», кажучы пра спатканьне людзей з розных асяродкаў. Мэтай гэтага «круглага стала» былі першапачаткова выключна размовы пра новы закон аб грамадзкіх арганізацыях.
31 жніўня 1988 году, праз 8 гадоў пасьля «карнавалу „Салідарнасьці“», адбылася першая сустрэча Валэнсы і міністра ўнутранных справаў Чэслава Кішчака. Умовай было завяршэньне страйкаў. А што на гэта Масква? Паводле Дудэка, Гарбачоў заахвочваў Ярузэльскага вырашыць пытаньне палітычнымі мэтадамі.
Тым ня менш, улады не зьбіраліся дзяліцца рэальнай ўладай. Запрашэньнем Валэнсы на перамовы яны хацелі выклікаць падзел унутры апазыцыі і прывязаць такім чынам Валэнсу да прагматыкаў, да якіх яны адносілі каталіцкі касьцёл. На бок камуністы намагаліся сьпіхнуць «прафэсійных контррэвалюцыянэраў». З Валэнсы камуністы хацелі зрабіць канструктыўную апазыцыю.
А што на ўсё гэта грамадзтва? Адзінай крыніцай тут могуць быць закрытыя апытаньні для партыі. Зь іх вынікае, што рэвалюцыйнага настрою ў грамадзтве ня было. У 1988 годзе толькі 35% палякаў падтрымлівалі легалізацыю «Салідарнасьці»
Грошы і дэмаралізацыя дзяржаўнага апарату
У 1989 годзе быў прыняты закон, які дазваляў браць у арэнду дзяржаўную маёмасьць. Гэтым адразу ж скарысталіся чыноўнікі, самі кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў — агулам 1500 чалавек. Намэнклятура пачала багацець, дзякуючы дзяржаўным грошам. Занепакоіліся гэтым нават спэцслужбы. У сваіх справаздачах яны трывожыліся, што матэрыяльныя рэчы бяруць верх. Але звальняліся людзі і з саміх сілавых структураў. 40% зрабіла гэта па эканамічных прычынах. Усё гэта, як сьцьвярджае гісторык Антоні Дудэк, уплывала на зьмену сьвядомасьці.
Пачатак перамоваў з апазыцыяй стаў каталізатарам, які прысьпешыў пачатак глыбокага ўнутранага крызісу ў партыі. Унутраныя апытаньні ў кампартыі сьведчылі пра катастрафічныя настроі. Напрыклад, найбольш камуністы давяралі... галаве каталіцкага касьцёлу Юзафу Глемпу (64%). Ён абагнаў Язурэльскага (58%). 81% палякаў быў за «круглы стол», але ажно 50% былі супраць легалізацыі «Салідарнасьці».
У Ярузэльскага былі тры аргумэнты на карысьць перамоваў: 1) Нават сам анонс «круглага стала» даў краіне спакой на некалькі месяцаў. 2) Калі апазыцыя будзе байкатаваць выбары, то яўка будзе ня большай чым 30%. 3) Без дыялёгу ня будзе магчымасьці атрымаць эканамічную дапамогу ад Захаду.
Восеньню 1988 году ў Польшчы пачалося адраджэньне структур «Салідарнасьці». Напрыканцы лютага 1989-га ва ўсёй краіне было 623 камітэты прафсаюзу. Яшчэ да Новага году Валэнса стварыў пры «Салідарнасьці» Грамадзкі камітэт, у які ўвайшло 135 дзеячаў-інтэлектуалаў. Большасьць зь іх ужо на першай сустрэчы выказалася за кампраміс з уладамі.
Масква проста назірала. Варшаве далі зразумець, што яна ня можа разьлічваць на дапамогу, паколькі ў СССР у саміх крызіс. Але агулам у Крамлі падтрымлівалі дыялёг Ярузэльскага з апазыцыяй, каб не пагаршаць сытуацыю. «Круглы стол» падтрымліваў і асабіста Гарбачоў. Але пры ўмове, што сыстэма ў Польшчы не памяняецца.
Радыкальная польская апазыцыя, якая выступала супраць дыялёгу, ня была чутная. Яна не змагла прабіцца ў СМІ са сваёй павесткай.
Мэтай камуністаў было проста ўмантаваць у сыстэму памяркоўную частку апазыцыі
«Круглы стол» распачаўся 6 лютага 1989 году. Усяго ў ім прымалі тры камісіі: па эканоміцы, палітычных рэформах і ў справах прафсаюзаў. Пра што дамовіліся? Найперш, пра выбары. У Сэнат яны павінны меліся быць цалкам свабоднымі. А ў Сэйме 65% былі гарантаваныя для ўлады, 35% для апазыцыі. Дамовіліся таксама пра ўвядзеньне пасады прэзыдэнта. Яго павінна была выбіраць большасьць чальцоў Сэйма і Сэнату. То бок загадзя было ясна, што на гэтую пасаду абяруць Ярузэльскага.
Сёньня можа здавацца, што ўся Польшча жыла тымі падзеямі. Але ў грамадзтва «круглы стол» ня выклікаў ніякага інтарэсу. Спачатку ён цікаваў 35% палякаў, а ў красавіку 1989 — усяго 17%.
«Круглы стол» пераламаў псыхалягічны бар’ер паміж апазыцыяй і ўладай, лічыць Антоні Дудэк. Мэтай камуністаў было проста ўмантаваць у сыстэму памяркоўную частку апазыцыі.
Выбары, якія пачалі працэс зьнішчэньня ПНР
Выбары былі прызначаныя на 4 чэрвеня 1989 году. Нават самыя паінфармаваныя чальцы партыі былі ўпэўненыя, што ўлада выйграе, уступіўшы апазыцыі мінімальна. Але ў іншым сьвеце, рэальным, усё было інакш. Дэматывацыя камуністаў была настолькі вялікай, што сацыялягічныя апытаньні ўлады праводзілі на сустрэчах сваіх прыхільнікаў. Але нават там яны набіралі менш за палову.
Яўка на выбарах склала 62%. У Сэнаце «Салідарнасьць» здабыла 99% месцаў. Гэта было шокам для ўлады.
Першай справай пасьля абвяшчэньня вынікаў стала павышэньне гатоўнасьці ў частках, якія падпарадкоўваліся МУС. На другі тур пайшло ўсяго 25%. Выбары пачалі працэс распаду партыі і зьнішчэньня ПНР.
Масква ўспрыняла паразу камуністаў у Польшчы спакойна. Галоўным для СССР было тое, каб існавала Варшаўская дамова. Гарбачоў заявіў, што адбываюцца перамены і будуць адбывацца ў будучыні, але Масква будзе працаваць зь любой уладай, якую абяруць палякі. У Маскве адбываліся сустрэчы з прадстаўнікамі «Салідарнасьці». Маскве трэба была гарантыя стратэгічных інтарэсаў СССР у Польшчы.
Буш прасіў Ярузэльскага ісьці ў прэзыдэнты
За сыстэму «прэзыдэнт ад партыі», а «прэм’ер ад апазыцыі» выступіў Адам Міхнік. Але яго моцна раскрытыкавала сама апазыцыя, кажучы, што «Салідарнасьць» .... не гатовая да кіраваньня краінай.
Нават Джордж Буш у 1989 годзе прасіў Ярузэльскага ісьці кандыдатам у прэзыдэнты. Амэрыканцы лічылі, што адмова магла пагражаць адсутнасьцю стабільнасьці.
На выбарах прэзыдэнта Ярузэльскі быў адзіным кандыдатам і перамог дзякуючы 7 галасам апазыцыі. Такой была ўступка, празь якую «Салідарнасьць» ледзь не распалася.
Але неўзабаве, апазыцыя і частка праўладных сілаў дамовіліся, і выбралі свайго прэм’ера, першага некамуністычнага ў гісторыі Польшчы ад ІІ сусьветнай вайны. Ім стаў Тадэвуш Мазавецкі. Камуністы ня былі супраць. Але пасьля гэтага пачаўся распад камуністычнай партыі. Моладзь, натхнёнаня перамогамі, пачала займаць былыя будынкі партыі і праводзіць там акупацыйныя страйкі. Пачаліся мітынгі, хаця і невялікія. Большасьць палякаў, як сьцьвярджае Дудэк, былі абыякавыя да радыкальных дзеяньняў. Неўзабаве была ліквідаваная Служба Бясьпекі. Але ў новыя спэцслужбы трапіла шмат людзей са старых.
Рэйтынг Ярузэльскага тады быў усяго 16%. Празь некалькі месяцаў Сэйм скараціў ягоны тэрмін і прыняў закон аб усеагульных выбарах. На гэтых выбарах перамог Лех Валэнса.
«Польская рэвалюцыя скончылася, але вынікі яе рэглямэнтаванага характару сталі бачныя толькі ў наступныя гады. Гэтым разам, у адрозьненьні ад І сусьветнай вайны, палякі здабылі незалежнасьць без крыві, але вельмі хутка і нечакана што хто зь іх перастаў лічыць гэта посьпехам». — піша Антоні Дудэк.
Вяртаньне посткамуністаў
Вялікая частка палякаў і сёньня лічыць перамены канца 1980-х змовай тагачасных эліт, мэтай якіх быў новы падзел улады, гарантыя бясьпекі і прывілеяў. Ужо празь некалькі гадоў былыя камуністы вярнуліся да ўлады, перамогшы ў дэмакратычных выбарах.
Яны цалкам кантралявалі Канцылярыю прэзыдэнта і ўрад. Але ўжо пад новай назвай — сацыял-дэмакраты. Менавіта яны ўвялі Польшчу ў Эўразьвяз і NATO.