Нідэрлянды заявілі аб гатоўнасьці стварыць трыбунал у справе аб уварваньні Расеі ва Ўкраіну

Міністар замежных справаў Нідэрляндаў Вопкэ Гукстра. Кіеў, 15 лістапада 2022

Вопкэ Гукстра лічыць, што новы суд не павінен перашкаджаць працы Міжнароднага крымінальнага суду, які з сакавіка расьсьледуе ваенныя злачынствы Расеі ва Ўкраіне.

Міністар замежных справаў Нідэрляндаў Вопкэ Гукстра паведаміў, што краіна гатовая прыняць трыбунал для разгляду справаў, зьвязаных з поўнамаштабнай вайной Расеі супраць Украіны, паведамляе Нідэрляндзкая тэлерадыёкарпарацыя (NOS).

«Расьце кансэнсус наконт таго, што нам патрэбны адмысловы трыбунал для разгляду акту агрэсіі, злачынства распачацьця вайны. МКС (Міжнародны крымінальны суд, разьмешчаны ў Нідэрляндах) ня можа гэтага зрабіць», — сказаў міністар.

Паводле яго, Нідэрлянды разам з ЭЗ будуць вымагаць ад міжнароднай супольнасьці падтрыманьня, у прыватнасьці фінансавага, для гэтага трыбуналу. Гукстра лічыць, што новы суд не павінен перашкаджаць працы МКС, які з сакавіка расьсьледуе ваенныя злачынствы Расеі ва Ўкраіне. Як адзначае NOS, для стварэньня трыбуналу спатрэбіцца рашэньне Рады бясьпекі ААН, у якім Расея як сталы чалец мае права вэта.

Дыскусія наконт міжнароднага суду над Расеяй

У канцы лістапада кіраўнік Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла пра неабходнасьць стварэньня пры падтрымцы ААН спэцыялізаванага суду для расьсьледаваньня і судовага перасьледу дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне.

5 сьнежня галоўны пракурор МКС Карым Хан асудзіў прапанову Эўразьвязу стварыць пры падтрымцы ААН спэцыяльны трыбунал для разгляду расейскіх злачынстваў падчас вайны ва Ўкраіне, заявіўшы, што яго суд здольны эфэктыўна разглядаць ваенныя злачынствы, учыненыя Расеяй ва Ўкраіне.

«Мы павінны ўнікаць фрагмэнтацыі, а выступаць за кансалідацыю» судоў, сказаў пракурор.

У той жа час у МЗС Францыі паведамілі аб пачатку сумеснай працы з эўрапейскімі і ўкраінскімі партнэрамі ў стварэньні міжнароднага трыбуналу пад назвай «Спэцыяльны трыбунал у справах злачынстваў, учыненых Расеяй у ходзе агрэсіі супраць Украіны».

Раней Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю аб прызнаньні палітычнага рэжыму ў Расеі «тэрарыстычным». У дакумэнце таксама падкрэсьлівалася неабходнасьць стварэньня міжнароднага крымінальнага трыбуналу.

Крэмль катэгарычна адхіляе абвінавачаньні ў ваенных злачынствах на тэрыторыі Ўкраіны.

Генацыд і яго прыкметы ў дзеяньнях Расеі супраць Украіны

Падчас шырокамаштабнай вайны Расея ўчыняе супраць грамадзянаў Украіны самыя розныя злачынствы, якія можна вызначыць як генацыд, лічаць юрысты, дасьледнікі генацыду і праваабаронцы.

А менавіта:

  • абвешчаньне намераў зьнішчыць украінцаў: прэзыдэнт Расеі і прадстаўнікі расейскай улады ня раз заяўлялі, што ўкраінцаў як этнасу «не існуе», што гэта «штучна створаная» нацыя, тых, хто так ня лічыць, «трэба зьнішчыць», а Ўкраіны і ўкраінцаў не павінна існаваць у будучыні;
  • публічныя заклікі да зьнішчэньня ўкраінцаў;
  • мэтанакіраваныя абстрэлы сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня насельніцтва і ўстановаў аховы здароўя Ўкраіны з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, водазабесьпячэньня, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых сродкаў для жыцьця;
  • перасьлед і зьнішчэньне людзей з праўкраінскай пазыцыяй на акупаваных тэрыторыях;
  • вынішчэньне інтэлігенцыі: настаўнікаў, творцаў, носьбітаў украінскай культуры, якія выхоўваюць у ёй іншых;
  • увядзеньне сыстэмы навучаньня і выхаваньня, накіраванай на зьмену ідэнтычнасьці дзяцей, ва ўстановах адукацыі на акупаваных тэрыторыях;
  • дэпартацыя дзяцей без бацькоў у Расею з мэтай зьмены іхнай ідэнтычнасьці;
  • выманьне зь бібліятэк і зьнішчэньне ўкраінскіх кніг, рабаваньне музэяў і мэтанакіраванае выкраданьне артэфактаў, якія сьведчаць пра старадаўнюю гісторыю ўкраінцаў.

Канвэнцыя аб папярэджаньні злачынства генацыду і пакараньні за яго была ўхваленая Генэральнай асамблеяй ААН у 1948 годзе.

Краіны-ўдзельніцы Канвэнцыі, якіх цяпер 149, павінны перадухіляць акты генацыду і караць за іх у ваенны і мірны час.

Канвэнцыя вызначае генацыд як дзеяньні, якія ўчыняюцца з мэтай цалкам або часткова зьнішчыць нацыянальную, этнічную, расавую, рэлігійную, этнічную групу як такую.

Прыкметы генацыду: забойства чальцоў групы або прычыненьне ім сур’ёзных цялесных пашкоджаньняў; наўмыснае стварэньне жыцьцёвых умоваў, накіраваных на зьнішчэньне групы; перадухіленьне нараджальнасьці і прымусовы перавод дзяцей з адной групы ў другую; публічнае падбухторваньне да такіх дзеяньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду выступіў супраць прапановы ЭЗ стварыць трыбунал у справе расейскай агрэсіі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.