Творы беларускага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Бяляцкага пераклалі на восем замежных моваў

Алесь Бяляцкі падпісвае сваю кнігу. Архіўнае фота

Праект міжнароднай падтрымкі #FreeAllWords пераклаў творы беларускага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага «Карычневы сшытак» і «Мары» на восем моваў — на ангельскую, вугорскую, літоўскую, фінскую, францускую, гішпанскую, румынскую і дацкую мовы.

У гэтых творах Алесь Бяляцкі апісвае свае ўражаньні падчас першага крымінальнага зьняволеньня з 2011 па 2014 год.

Нямецкі пераклад Лідзіі Нагель (Lydia Nagel) будзе апублікаваны перад Калядамі. Ангельскі пераклад Джыма Дынглі (Jim Dingley) даступны на сайце freeallwords.org.

«У Беларусі дыктатар на працягу многіх гадоў зьдзекуецца з уласнага народу, ужываючы тэрор і гвалт. Урыўкі зь дзёньніка Алеся Бяляцкага сьведчаць пра страх, гнеў, надзею і боль. Яны кажуць нам, што нельга заплюшчваць вочы на такія рэчы, нельга забываць пра людзей і культуру, якіх перасьледуюць у Беларусі», — сказала старшыня Рады эўрапейскіх пісьменьнікаў Ніна Джордж.

Цяпер у фондзе перакладных тэкстаў зарэгістраваныя больш за 25 перакладнікаў з 11 краін з досьведам перакладу з украінскай, беларускай і расейскай моваў. За час існаваньня праекту на дзевяць моваў (дацкую, нямецкую, ангельскую, фінскую, францускую, літоўскую, румынскую, гішпанскую і вугорскую) перакладзеныя творы трынаццаці аўтараў зь Беларусі і Ўкраіны, творы яшчэ чатырнаццаці беларускіх і ўкраінскіх аўтараў цяпер перакладаюць на эўрапейскія мовы.

Фонд перакладных тэкстаў #FreeAllWords — супольны праект падтрымкі беларускіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў усіх жанраў пад эгідай Эўрапейскай пісьменьніцкай рады (EWC). Ініцыятарамі #FreeAllWords выступілі аўтарскія аб’яднаньні A*dS («Аўтары Швайцарыі»), Forfatterforbundet (Нарвэгія) і Задзіночаньне беларускіх пісьменьнікаў (Беларусь).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зараз у турме ўся Беларусь». Поўны тэкст Нобэлеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага, якую ў Осла прачытала ягоная жонка Натальля Пінчук

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.