Ціханоўская на сустрэчы зь беларусамі ў Осла заклікала працаваць з дыпляматамі і парлямэнтамі для ўзмацненьня ціску на рэжым Лукашэнкі

Святлана Ціханоўская

Беларусь не павінна зьнікнуць з інфармацыйнай прасторы, заявіла кіраўніца аб’яднанага пераходнага кабінэту Святлана Ціханоўская на сустрэчы з суайчыньнікамі 11 сьнежня ў сталіцы Нарвэгіі Осла.

«Ведаю, што кожны з нас часам думае, што робіць недастаткова, — сказала яна (на падставе стэнаграмы, распаўсюджанай прэс-службай палітыка). — Часам падступае смутак, здаецца, што ўсё, што мы робім, бессэнсоўна. Бо Лукашэнка дагэтуль утрымлівае ўладу. Бо рэпрэсіі ў Беларусі толькі пагаршаюцца. Бо расейскія салдаты бесьперашкодна гуляюць па нашым доме і абстрэльваюць нашых суседзяў».

Ціханоўская запэўніла, што кожнае дзеяньне — «данат у фонд дапамогі палітвязьням і іх сем’ям, дапамога нашым салдатам палка Каліноўскага» — гэта «ня толькі маленькі крок да агульнай перамогі — вызваленьня Беларусі», але і «вялікая перамога — нечае выратаванае жыцьцё».

«Таму я прашу вас не спыняцца! Ня дайце Беларусі зьнікнуць з інфапрасторы. Распаўсюджвайце навіны, пішыце пра рэпрэсіі ў сваіх сацыяльных сетках. Увесь сьвет павінен ведаць пра гэта», — прапанавала яна.

Палітык заклікала суайчыньнікаў працаваць зь «мясцовымі дыпляматамі і парлямэнтам», бо прыхільнікі пераменаў маюць «дабівацца слуханьняў пра Беларусь у кожнай радзе». «Мы будзем дабівацца павелічэньня ціску на рэжым Лукашэнкі. І ў той жа час мы не павінны дапусьціць таго, каб санкцыі закранулі сумленных беларусаў», — падкрэсьліла дэмакратычная лідэрка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зараз у турме ўся Беларусь». Поўны тэкст Нобэлеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага, якую ў Осла прачытала ягоная жонка Натальля Пінчук

«Мы будзем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб хутчэй вызваліць нашых вязьняў, — сказала Ціханоўская. — Мы таксама павінны ўжо цяпер зьбіраць доказы ўсіх злачынстваў рэжыму як у Беларусі, так і ва Ўкраіне, для будучых незалежных судоў. Мы будзем дамагацца вываду расейскіх войскаў з нашай тэрыторыі. І не дазволім ператварыць нашу любімую зямлю ў расейскую губэрню. Гэтая нялёгкая барацьба патрабуе намаганьняў кожнага з нас. Таму я прашу вас — давайце аб’ядноўвацца і дзейнічаць разам. Давайце размаўляць. Калі я магу чымсьці дапамагчы вам, скажыце».

Ціханоўская заклікала суайчыньнікаў за мяжой далучацца да «абмеркаваньня задач кантактнай групы Беларусі ў Радзе Эўропы», лічбавай плятформы «Новая Беларусь».

Паводле слоў палітыка, на цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму 10 сьнежня яна распавяла прадстаўнікам Хэльсынскага камітэту пра катаваньні людзей, якіх у Беларусі трымаюць у няволі з палітычных матываў. Эўрапейскіх грамадзян, адзначыла яна «шакуе, калі яны чуюць нашы гісторыі», але ў Беларусі гэтыя гісторыі сталі штодзённасьцю, яны «насычаюць усю нашу краіну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы больш паслухмяныя і менавіта таму там прыжываецца дыктатура», — прадстаўнік украінскага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі

«Мы павінны спыніць, раскрышыць гэтую сыстэму. Я ўпэўненая, што мы зможам перамагчы. Вызваліць Алеся, каб ён нарэшце змог прачытаць для нас усіх сваю нобэлеўскую лекцыю. Вызваліць кожную і кожнага, хто сёньня пакутуе за нашу з вамі свабоду. Упэўненая, мы здабудзем гэтую свабоду для сваёй краіны. У нашых сілах наблізіць гэты доўгачаканы дзень. Галоўнае — не спыняцца», — сказала Ціханоўская.

10 сьнежня палітык брала ўдзел у цырымоніі ўзнагароджаньня ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру ў Осла.