Эўразьвяз толькі на мінулым тыдні дамовіўся і ўвёў «столь» цэнаў на расейскую нафту, але цяпер паўсталі новыя супярэчнасьці. Bloomberg паведамляе са спасылкай на свае крыніцы, што пярэчаньні з нагоды прапаноў па «столі» Чэхіі, якая старшынюе ў ЭЗ, накіравала група адразу з 12 краін.
Першапачатковы плян ЭЗ быў такім: уключаць абмежаваньне цаны, калі цана газу на працягу ня менш як двух тыдняў будзе перавышаць на Амстэрдамскай біржы €275 за 1 МВт-ч (каля $ 3 тыс. за 1 тыс. кубамэтраў), а розьніца з цаной на СПГ павінна быць большай за €58 ня менш за 10 дзён. Чэхія прапаноўвала зьнізіць цану да €220, а розьніцу — да €35.
Цяпер жа 12 краін, сярод якіх Бэльгія, Грэцыя, Італія, Польшча, Латвія, Літва і іншыя, заявілі, што і чэскія лічбы занадта высокія, і пагражаюць кааліцыйна заблякаваць прыняцьце столі, калі іх патрабаваньні ня ўлічаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Financial Times: Эўропа стала менш купляць у Расеі трубаправоднага газу, але затое звадкаванага купіла на 42% большГаласаваньне па «столі» цэнаў на расейскі газ павінна адбыцца ўжо 15-16 сьнежня. Эўропа хоча зьменшыць газавую залежнасьць ад Расеі і пакараць Крэмль за вайну, разьвязаную супраць Украіны.
Расея не аднойчы заяўляла, што любая спроба ЭЗ увесьці столь коштаў на расейскі газ будзе азначаць спыненьне яго паставак у Эўропу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўзбэкістане адмовіліся ад ініцыяванага Пуціным «газавага» зьвязу з Расеяй і Казахстанам