«Дзяржавы — сябры Рады Эўропы павінны тэрмінова зьліквідаваць разрыў паміж стандартамі ў галіне правоў чалавека і рэальнасьцю, які павялічваецца. Узмацненьне абароны праваабаронцаў павінна быць адным з іх галоўных прыярытэтаў», — гаворыцца ў заяве Міятавіч.
Камісар адзначыла, што ляўрэаты прэміі — беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, Цэнтар грамадзянскіх свабодаў (Украіна) і таварыства «Мэмарыял» (Расея) — даўнія партнэры яе офісу, а прысуджэньне ўзнагароды назвала гучным прызнаньнем важнасьці праваабаронцаў ва ўсім сьвеце і ўнівэрсальнасьці іх працы, якая выходзіць за межы і разьдзяляльныя лініі.
«Праваабаронцы ўсёй Эўропы, у тым ліку Расеі і Беларусі, — ключавыя партнэры Рады Эўропы, паколькі яны падзяляюць нашыя агульныя каштоўнасьці і мужна змагаюцца за правы чалавека, дэмакратыю і вяршэнства закона ў нашых грамадзтвах», — адзначыла Міятавіч.
«Перад абліччам усё большага ціску на праваабаронцаў у Эўропе» яна заклікала дзяржавы — сябры Рады Эўропы «актывізаваць намаганьні па абароне і падтрымцы праваабаронцаў і публічна прызнаць важнасьць іх законнай працы».
«Напады, запалохваньні, перасьлед і іншыя формы рэпрэсій недарэчныя ў Эўропе XXI стагодзьдзя і павінны быць неадкладна спынены», — падкрэсьліла камісар. Сябры Рады Эўропы «павінны прыняць усе неабходныя палітычныя, юрыдычныя і практычныя захады для таго, каб праваабаронцы эфэктыўна карысталіся сваімі правамі і свабодамі ня толькі ў тэорыі, але, што больш важна, у паўсядзённым жыцьці і працы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі, «Центр громадянських свобод», «Мемориал» атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру. ФОТА і ВІДЭАПаводле Міятавіч, вельмі важна стварыць спрыяльныя ўмовы для актывістаў праваабарончага руху, у тым ліку іх эфэктыўны ўдзел у грамадзкіх справах і бесьперашкодны доступ да фінансаваньня.
«Бясьпека і свабода праваабаронцаў зьяўляюцца дэмакратычнымі імпэратывамі», — падкрэсьліла камісар Рады Эўропы ў правах чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зараз у турме ўся Беларусь». Поўны тэкст Нобэлеўскай лекцыі Алеся Бяляцкага, якую ў Осла прачытала ягоная жонка Натальля Пінчук