Ціханоўская: «Нобэлеўскае прызнаньне працы Алеся Бяляцкага натхніць дзясяткі тысяч грамадзян Беларусі»

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская выступіла з заявай з нагоды ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму.

У ёй Ціханоўская ўзгадала, што Алесь Бяляцкі, «адзін са слупоў праваабарончага руху ва Ўсходняй Эўропе з 1980-х гадоў», быў у турме ў 2012 годзе, калі Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прысудзіла яму прэмію імя Вацлава Гавэла ў галіне правоў чалавека за абарону беларускай дэмакратыі, і ягоная жонка Натальля Пінчук вымушаная была атрымаць узнагароду ў адсутнасьць мужа.

Гэтак жа і цяпер Натальля Пінчук замяняе мужа на цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі цяпер, бо Алесь Бяляцкі — зноў за кратамі, адзначыла Ціханоўская.

«Алесь нястомна працаваў у абарону незалежнасьці, дэмакратыі і правоў чалавека, а таксама ў прасоўваньні культуры і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, — заявіла Ціханоўская. — Кожны дэмакрат у Беларусі будзе бясконца ўдзячны Нарвэскаму Нобэлеўскаму камітэту за прызнаньне ня толькі непахіснай дзейнасьці Алеся, але і больш шырокай барацьбы за тое, што камітэт назваў «гуманістычнымі каштоўнасьцямі, антымілітарызмам і прынцыпамі права».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі, «Центр громадянських свобод», «Мемориал» атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру. ФОТА і ВІДЭА

На думку Ціханоўскай, нобэлеўскае прызнаньне працы Алеся Бяляцкага «натхніць дзясяткі тысяч грамадзян Беларусі, чые галасы павінны былі абраць яе прэзыдэнтам на выбарах 2020 году».

Ціханоўская адзначыла, што ніколі не ўяўляла сябе кандыдатам у прэзыдэнты — такі быў плян яе мужа Сяргея Ціханоўскага, «пакуль яго таксама не адправілі за краты разам з 1300 палітвязьнямі, якіх ўтрымліваюць у беларускіх турмах». З таго часу беларусы «з усяе сілы спрабуюць прыцягнуць увагу сьвету да несправядлівасьці беларускага рэжыму», падкрэсьліла палітык.

«Вось чаму Нобэлеўская прэмія міру такая важная для нас. Гэта пацьвярджае нашу рашучасьць быць пачутымі і нашу адмову мірыцца зь беззаконьнямі дыктатуры.

Мы ўдзячныя Альфрэду Нобэлю, які даручыў сваім спадчыньнікам прысудзіць прэмію «чалавеку, які зробіць больш ці лепш за ўсё працу для братэрства паміж народамі і скасаваньня або скарачэньня пастаянных войскаў і стварэньня і распаўсюджваньня мірных кангрэсаў», — заявіла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Макеем, верагодна, абмяркоўвалася магчымасьць Бяляцкага «выступіць у Осла», — удзельнік беларускай «нобэлеўскай дэлегацыі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла кніга «Алесь Бяляцкі на Свабодзе». Электронная вэрсія
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі ідзе вайна іншага кшталту». Што сказала на прэсавай канфэрэнцыі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру жонка Алеся Бяляцкага. ВІДЭА